Дзмітрый Мядзведзеў наведае Гародню
Прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў 8 верасня наведае Гародню.
Дзмітрый Мядзведзеў
Пра гэта паведаміла прэс-служба ўраду Расеі. Нагодай для візіту ў горад над Нёманам стане паседжанне Еўразійскага міжурадавага савета, на якім абмяркуюць шэраг пытанняў, у тым ліку – развіццё адносінаў з замежнымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Гарадзенскі журналіст „Gazeta Wyborcza” Андрэй Пачобут адзначае, што візіт Мядзведзева можа быць звязаны з блізкасцю еўрапейскай мяжы, а таксама ўзгадвае пра прыезд іншага высокага чыноўніка з Расеі ў горад над Нёманам:
– У 90-я гады Генадзь Селязнёў, тады старшыня парламента Расеі, прыязджаў у Гародню. Мяркую, што менавіта блізкасць еўрапейскай мяжы – асноўны чыннік візіта Мядзведзева. Відавочна, будуць размаўляць пра мяжу, магчыма наведаюць мяжу. Так я магу патлумачыць, чаму выбрана Гародня. Бо ў Берасці ён быў, калі быў прэзідэнтам. А ў Гародні – не.
Чакаецца, што акрамя агульных сустрэч у шырокім фармаце, Дзмітрый Мядзведзеў правядзе ў Гародні двухбаковыя перамовы з прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым. Паводле неафіцыйных звестак, Гародню таксама наведаюць прэм’еры-міністры Казахстана, Кыргызстана, Арменіі і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя