Дзмітрый Наважылаў: Улады робяць стратэгічную памылку, аказваюцы ціск на СМІ



Апошняй праявай такога ціску на незалежныя СМІ стала прыпыненне на 3 месяцы выпуску інфармацыйна-аналітычнага парталу ТУТ. бай. Такое рашэнне прыняло Міністэрства інфармацыі. Аднак і іншыя СМІ былі падвергнуты ціску.

Так, па словах дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Дзмітрыя Наважылава, сайт БелаПАН „Навіны. бай” таксама патрапіў пад хвалю рэпрэсіяў. Так, яшчэ 28 жніўня доступ да сайту быў заблакаваны, – нагадаў дырэктар БелаПАНа:

– Улады гэтай блакіроўкай вырашалі дзве задачы і трэба сказаць, што яны іх дабіліся. Першае, гэта адмежаваць чытачоў ад інфармацыі, якая была на сайце „Навіны. бай” і другое, нанесці фінансавы ўдар па рэдакцыі, і паколькі сайт заблакаваны, „Навіны. бай” цалкам пазбавіліся рэкламных даходаў. Што тычыцца затрыманняў нашых журналістаў, то мы з гэтым таксама сутыкаліся. Наш пазаштатнік Андрэй Шаўлюга адсядзеў трое сутак на Акрэсціна, хоць журналісты проста выконвалі сваю працу.

Таму Дзмітрый Наважылаў робіць высновы, што ідзе мэтанакіраваны, планамерны ціск на незалежныя беларускія медыя. Але дзяржава, вырашаючы нейкія тактычныя задачы, забывае аб стратэгічных. Зачыняючы доступ да сур’ёзных незалежных выданняў, чытачоў выштурхоўваюць у тэлеграм-каналы, якія за сваю інфармацыю ніякай адказнасці не нясуць. Да таго ж бачна, што на месца СМІ, якія падвяргаюцца ціску і абмежаванням, спрабуюць прыйсці іншыя, якія не нясуць у сабе нацыянальнай ідэі, – падкрэсліў Зміцер Наважылаў, выступаючы на прэс-канферэнцыі, арганізавай у Менску Беларускай асацыяцыяй журналістаў.  

Беларускае Радыё Рацыя, Менск