Дзмітрый Ус: За цыркам не хочацца сачыць
Кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе Дзмітрый Ус выказаў сваё стаўленне да сёлятняй прэзідэнцкай кампаніі.
Як вядома, рэгістрацыя ініцыятыўных груп па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў павінна завершыцца не пазней за 22 ліпеня, збор подпісаў будзе працягвацца з 23 ліпеня па 21 жніўня.
Таксама не пазней за 22 ліпеня будуць створаны тэрытарыяльныя выбаркамы, а да 26 жніўня — участковыя.
З 22 жніўня па 5 верасня трэба будзе падаць у ЦВК дакументы на рэгістрацыю кандыдатаў.
Не пазней за 5 верасня абласныя і Менская гарадская камісіі падвядуць вынікі збору подпісаў па кожнай кандыдатуры на сваіх тэрыторыях і прадставяць гэтыя вынікі ў Цэнтрвыбаркам.
Дзмітрый Ус: За цыркам сачыць нават не хочацца. Пра якія выбары можа ісці размова, калі іх праводзіць “вертыкаль”? Там жа ва ўчастковых камісіях ўсе дзяржчыноўнікі ці кантрактнікі сядзяць, якія слова лішняе сказаць баяцца. А ў раённых цэнтрах ці вёсках наогул могуць напісаць тое, што скажуць. Патэлефануюць з райвыканкама, скажуць напісаць за праўладнага кандыдата 101 адсотак – і столькі напішуць.
РР: Ці збяруць неабходныя подпісы тыя, хто мае намер балатавацца ў прэзідэнты?
Дзмітрый Ус: Можна і 100 тысяч подпісаў сабраць, і нават больш. Для гэтага патрэбна добрае фінансаванне і такая ж каманда. Але ж пытанне не ў гэтым палягае. Выбараў няма, і людзі ўжо самі кажуць: “Ад нас нічога не залежыць”. Вось гэта самае галоўнае, а не тое, ці збярэ там нехта подпісы. Калі патрэбен будзе ўладзе, то збярэ. Але далей што? Пры сёняшняй сістэме ўлада не выпусціць лейкі з рук, а значыцца усім астатнім кандыдатам будзе адведзена роля статыстаў.
РР: Старшыня ЦВК спадзяецца, што на выбарах будуць пяць кандыдатаў. Ваша меркаванне з гэтай нагоды?
Дзмітрый Ус: Столькі будзе, колькі захоча ўлада. “Гавары праўду” падключаць… Някляеў жа сышоў адтуль, каб не ўдзельнічаць у гэтым цырку. Нават амерыканскія і еўрапейскія грантадаўцы, як мне падаецца, не будуць укладваць грошы ў гэтыя выбары. Навошта даваць грошы пад тое, чаго няма? Але афіцыйнаму Менску выбары неабходны, як паветра, а таму не выключаю нават, што ўлада будзе фінансаваць праз “свае” падстаўныя фонды асобных альтэрнатыўных кандыдатаў, каб тыя толькі ўдзельнічалі. Уладзе патрэбна паказаць Захаду, што ў краіне дэмакратыя. А затым усё акупіцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя