18 гадоў таму знік Дзмітрый Завадскі
Беларускі тэлеаператар, журналіст Грамадскага расейскага тэлебачання Дзмітрый Завадскі бясследна знік 18 гадоў таму, 7 ліпеня 2000 года. Яму тады было 27 гадоў.
За гэтыя гады праваахоўныя органы Беларусі так і не адказалі на пытанні, хто быў арганізатарам і выканаўцам злачынства, і што насамрэч здарылася з журналістам.
Па факце знікнення Дзмітрыя Завадскага была пачата крымінальная справа па артыкуле «забойства», але пасля перакваліфікавана на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі». У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення Міністэрства ўнутраных спраў «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (яны асуджаныя на пажыццёвае зняволенне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (які ужо выйшаў на волю).
Паводле абвінавачання, матывам злачынства стала помста. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў. У 2003 года суд Фрунзенскага раёна Менска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.
Беларускае Радыё Рацыя