Дзмітрыя Паліенку затрымалі пасля 2 дзён на волі



27 ліпеня ў Менску зноў затрымалі актывіста Дзмітрыя Паліенку. Вядома, што днём ён пайшоў у РУУС Першамайскага раёна Менска для „адзнакі”, як гэта ён абавязаны рабіць, бо адбывае пакаранне ў выглядзе „хатняй хіміі”.

Паводле інфармацыі ад яго жонкі Насты Паліенкі, з РУУС Дзмітрый паспеў патэлефанаваць бацьку і паведаміць, што арыштаваны на 15 сутак, якія яму прысудзілі раней. Таксама яна паведаміла, што Дзмітрый прасіў бацьку забраць яго рэчы з РУУС, якія яму не далі ўзяць з сабой на „суткі”.

Актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенку вызвалілі 25 чэрвеня з менскага ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна пасля 17 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 23.34 КаАП. Спачатку, 7 ліпеня, яму прысудзілі 15 сутак за фота з рондалем у сацсетках, што суд прызнаў „несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам”. Затым, ужо седзячы ў ізалятары, атрымаў яшчэ 15 за невыкананне рэжыму „хатняй хіміі”. Таксама на Паліенку складзены яшчэ адзін пратакол – за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Адначасова з гэтым у дачыненні да актывіста была пачатая праверка па крымінальнай справе па артыкуле 189 Крымінальнага кодэкса за абразу ў сацсетках ганцавіцкага супрацоўніка міліцыі пасля брутальнага затрымання журналістаў „Ганцавіцкага часу” 20 чэрвеня. Аднак неўзабаве ён атрымаў пастанову Берасцейскага УУС аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

spring96.org