Дзяніс Івашын: Для Беларусі – гэта толькі пачатак



Тры вечары ў Беларусі адбываюцца супрацьстаянні і акцыі. Дзяніс Івашын, гарадзенскі журналіст, які быў на падобных акцыях і ў іншых краінах, лічыць такую сітуацыю вялікімі зменамі ў краіне:

– Пункт невяртання пройдзены пасля пацверджання першых смерцяў пратэстоўцаў. Гэта ўжо будзе зусім іншая краіна. Мірны пратэст, калі былі абсалютна мірныя памкненні – усё, гэта ўжо ў мінулым. Таму што рэжым Лукашэнкі перайшоў гэтую чырвоную рысу.

Журналіст кажа, што ў Беларусі ёсць ужо забітыя на акцыях і гэта вельмі кепска:

– Мы ведаем пакуль толькі пра аднаго забітага. Цалкам мажліва, што іх ужо больш. Паводле пэўнай інфармацыі, у нас у Гародні  таксама ёсць забітыя, як мінімум два чалавекі, прынамсі, па непацверджанай інфармацыі. Па ўсёй Беларусі іх можа быць значна больш. Бо актыўнае супрацьстаянне адбываецца не толькі ў Менску і Гародні, але ў Берасці, Баранавічах, Гомелі і іншых гарадах. Цалкам мажліва, гэта толькі пачатак.

Па словах журналіста, такая вялікая колькасць людзей даўно не выходзіла на вуліцы розных гарадоў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня