Дзяніс Івашын: кандыдаты захаваюць сумленне, калі здымуцца



Кіраўнік беларускай службы ІнформНапалм, вядомы гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын праз фэйсбук напісаў кандыдатам ў прэзідэнты Дзмітрыеву, Чэрачню, Ціханоўскай і Канапацкай прапанову зняцца з выбарчай гонкі.

На думку журналіста, толькі так яны захаваюць гонар:

– Перадусім, каб яны зразумелі, што зараз сама гісторыя надае ім гэты ўнікальны шанец змяніць урэшце ўсю сітуацыю ў нашай краіне. Таму што Лукашэнка на гэтых так званых “выбарах” не мае аніякіх тэхнічных кандыдатаў ад дзяржавы, а перадусім ідуць нібыта прадстаўнікі ад дэмакратычнага сектару. І ў іх ёсць гістарычны шанец усю гэтую сітуацыю змяніць – зняцца з выбараў і пакінуць Лукашэнку сам насам са сваёй кампаніяй пераабрання.

Дзяніс Івашын мяркуе, што ўдзел у сёлетніх выбарах – гэта злачынства:

– Гэта саўдзел у, нават, злачынстве. Таму яны зараз, я лічу, проста абавязаныя і перад сваім сумленнем, і перад людзьмі, ад імя каторых выступаюць, зняцца. І, вядома, гэта можа стацца пэўным трыгерам для якіх-кольвек пратэстных праяўленняў. Бо людзі таксама мусяць зразумець, што адбываецца.

На думку журналіста, у першую чаргу трэба думаць пра абарону краіны, а не думаць пра ўдзел у выбарах.    

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня