Дзяніс Івашын: Мы на вайне, я ў палоне
Гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын перадаў на волю эмацыйны ліст, дзе піша пра «журналісцкую зброю», чаму важная ягоная постаць і што цяпер галоўнае.
Дзянісу Івашыну падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да 12 верасня. Ён сядзіць у гарадзенскай турме ўжо 4 месяцы.
Больш за месяц ад журналіста не было лістоў. Яму лісты таксама не даходзяць. Аднак Івашын здолеў перадаць на волю пасланне з-за кратаў. Радыё Свабода прыводзіць фрагменты гэтага ліста:
«Мы менавіта на вайне, я хоць цяпер і не на перадавой, мая журналісцкая зброя вымушана адпачывае, але знаходжуся ў паўнавартасным палоне. Разам з тым мой статус не змяняецца: я быў і застаюся журналістам, мая дзейнасць працягваецца нават сёння, хаця і ў іншым аспекце і кантэксце, набываючы збольшага формы сімвалізму і ахвярнасці».
«Галоўнае зараз — нашая Беларусь, ейнае дэмакратычнае пераўтварэнне. З Божай дапамогай гэта адбудзецца, будзем спадзявацца, у самай бліжэйшай будучыні».
У Дзяніса Івашына ў турме пачаліся праблемы з сэрцам «на фоне пастаяннага стрэсу». Перадаць яму вентылятар на час спёкі родным не дазволілі. Таксама сваякі даведаліся, што яго прыкладна раз на тыдзень возяць на гутаркі ў КДБ.