Дзяніс Івашын: Расея стварае рэзідэнтуру ў Беларусі



Журналіст-даследчык, рэдактар беларускай службы «ІнформНапалм» Дзяніс Івашын завяршыў вялікае даследаванне пра расейскую рэзідэнтуру ў Беларусі. Журналіст лічыць, што рэзідэнты вярбуюцца рознымі структурамі.

Кажа Дзяніс Івашын:

– Гэта перадусім рэзідэнтура службаў знешняй выведкі Расейскай Федэрацыі. Яна складаецца з так званай трыяды, гэта перадусім Галоўнае ўпраўленне генштаба Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі, колішняя вядомае ГРУ. Таксама гэта служба знешняй выведкі і Федэральная служба бяспекі.

На думку Дзяніса Івашына, Расея дзейнічае і праз навучальныя ўстановы:

– На другі ўжо ўзровень таксама выходзіць правядзенне расейскай стратэгіі soft power (мяккая сіла) у Беларусі. Перадусім гэта кансервацыя Беларусі ў сацыяльна-культурнай, гуманітарнай, а таксама адукацыйнай прасторы Расейскай Федэрацыі. Правядзенне разнастайных культурніцкіх мерапрыемстваў, узаемадзеянне з адукацыйнымі ўстановамі. Паводле маіх падлікаў, напрыклад, Расейская амбасада і таксама Генеральнае консульства ў Берасці ахопліваюць штогод прыблізна да 10-12 тысячаў шкаляроў і студэнтаў з адукацыйных установаў Беларусі.

Праца над даследаваннем, якое мае назву «Расейскі ўплыў і кантроль у Беларусі: рэзідэнтура», па словах Дзяніса Івашына, цягнулася амаль 4 месяцы. Вынікі гэтага даследавання можна пабачыць на старонках выдання «Новы Час».

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя