Дзяніс Івашын: Расея знаходзіцца ў стане «эканамічнай вайны» з Беларуссю



Рэдактар беларускай службы супольнасці «ІнформНапалм» Дзяніс Івашын выказаў прагнозы на 2020 год.

 

На думку журналіста, Беларусь знаходзіцца ў стане паглынання Расейскай Федэрацыяй

– Мы знаходзімся, на жаль, у актыўным рэжыме, што да інтэнсіфікацыі захадаў Расейскай Федэрацыі, што да паглынання Беларусі. Вядома, што сёлета гэтыя ўсе захады значна абвострацца. Мы ўжо бачым, што Расея на зусім іншым парадку і перадусім якасна здзяйсняе інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі супраць Беларусі. Тут варта зазначыць, не толькі праводзіць гэтыя аперацыі супраць вышэйшага вайсковага, палітычнага кіраўніцтва краіны. Але і супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

На думку Дзяніса Івашына беларусам варта рыхтавацца да абароны незалежнасці і суверэнітэту краіны:

– Адбываюцца і гандлёвыя, і нафта-газавыя войны. Вядома ж, улічваючы стратэгію Расейскай Федэрацыі, якая імкнецца аднавіць свой імперскі статус, статус звышдзяржавы, Беларусь грае тут ключавую ролю. Таму варта рыхтавацца да зацятай абароны суверэнітэту, незалежнасці нашай краіны.

Журналіст Дзяніс Івашын надрукаваў у выданні «Новы Час» вялікі матэрыял, прысвечаны дзейнасці Амбасады Расейскай Федэрацыі ў Беларусі, які, на думку журналіста, можа стаць сенсацыяй у журналісцкім асяродку.

Беларускае Радыё Рацыя