Дзяніс Івашын: У якім статусе ў Беларусь едуць расейскія вайскоўцы?
У Беларускіх і замежных СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што Пуцін дамовіўся з Лукашэнкам пра дапамогу з расейскага боку.
Гарадзенскі журналіст, рэдактар беларскай службы інфармацыйнай супольнасці “ІнформНапалм” Дзяніс Івашын сумняецца ў статусе запрошанай вайсковай групоўкі:
– Тое, што з’явіліся ўжо афіцыйныя паведамленні расейскіх вышэйшых дзяржаўных прадстаўнікоў, сведчыць абсалютна выразна пра іхнае жаданне “дапамагчы” рэжыму Лукашэнкі менавіта ў вайсковым плане. То бок, размова перадусім пра Расгвардыю. Тут адразу паўстае адразу шмат пытанняў. Перадусім, у якім статусе будуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікі гэтых сілавых ведамстваў? То бок, яны абсалютна не будуць упаўнаважаныя здзяйсняць ахову правапарадку.
Па словах Дзяніса Івашына, уваход расейскіх войскаў – гэта адкрытая вайсковая агрэсія з боку Расеі:
– Гэта ўжо можна будзе ацэньваць як ваенную агрэсію з боку Расейскай Федэрацыі ў дачыненні да беларускіх грамадзян. Гэта практычна будзе вайна суседняй дзяржавы супраць Беларусі. Сцэнар будзе зусім іншы, нават ужо не крымскі, таму што афіцыйна паведамлена пра гатоўнасць надаць свае сілы і сродкі з боку РФ на падтрымку рэжыму Лукашэнкі. Галоўная ўмова надання гэтых сілаў і сродкаў, калі рэжым Лукашэнкі не зможа сам развязаць пытанне стабілізацыі сітуацыі ў Беларусі.
Дзяніс Івашын упэўнены, што войскі з Расеі змогуць выкарыстоўваць сваю тэхніку, а таксама зброю супраць мірных жыхароў Беларусі.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня