Дзяніс Івашын: Украіна не задаволена “формулай Штайнмаера”
На вуліцы амаль трох дзясяткаў украінскіх гарадоў выйшлі ў мінулыя выходныя дзясяткі тысяч чалавек.
Пра адметнасць украінскай сітуацыі распавядае гарадзенскі журналіст, рэдактар беларускай службы міжнароднай супольнасці „ІнформНапалм” Дзяніс Івашын, які пільна сочыць за сітуацыяй ва Украіне.
– Гэта ўжо, у прынцыпе, мае агульнанацыянальны маштаб. Я лічу, не варта казаць пра паўстанне нейкага трэцяга майдану. Не. Гэта пакуль людзі дэманструюць сваю палітычную волю да абароны Украіны, да абароны украінскіх нацыянальных каштоўнацяў, суверэнітэту. Таму што «формула Штайнмаера», у прынцыпе, у тым выглядзе што плануецца для рэалізацыі, яна безумоўна нясе перадусім пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці. На жаль, кіраўніцтва Зяленскага робіць тыя ж самыя памылкі, як і яго папярэднікі.
На думку Дзяніса Івашына, асаблівую пагрозу ўяўляе вывад войскаў:
– На той тэрыторыі было ўлагоджана жыццё за апошнія пяць год, там усё было пад кантролем украінскіх узброеных сілаў, была абсалютна забяспечана ахова гэтай тэрыторыі. Дык зараз, з адводам украінскай арміі на новыя пазіцыі, гэтая зона патрапляе ў так званую шэрую зону. У прынцыпе, гэтая тэрыторыя не будзе пад кантролем украінскай дзяржавы. Нібыта ўрад Зяленскага дэкляруе, што там будуць здзяйсняць кантроль паліцэйскія сілы. Але мы ж выдатна разумеем, што гэта адкрывае прастору для дзейнасці выведавальна-дыверсійных групаў Расейскай Федэрацыі.
На думку журналіста Івашына, ці паўстане новы майдан ва Украіне будзе вядома цягам бліжэйшых тыдняў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота weaponews.com