Дзяніс Івашын: Ва Украіне новы этап гібрыднай вайны
Расейскія пашпарты пачалі выдаваць на тэрыторыі так званых ЛНР і ДНР.
Журналіст, рэдактар беларускай службы сайта InformNapalm Дзяніса Івашын лічыць, што гэта новы перыяд гібрыднай вайны:
– Ужо пачалася рэалізацыя, масавая выдача расейскіх пашпартоў грамадзянам Украіны, якія пражываюць на часова акупаваных тэрыторыях Луганскай і Данецкай абласцей. Задзейнічаны сцэнар правядзення гібрыднай ваеннай агрэсіі, якую Расейская Федэрацыя ўжо здзяйсняла ў дачыненні да Прыднястроўя, у дачыненні да Абхазіі, а таксама ў дачыненні да Грузіі.
На думку Івашына, падобная сітуацыя адбылася ў Грузіі ў 2008 годзе:
– Расейская Федэрацыя справакавала збройную агрэсію, калі прарасейскія баевікі адкрылі агонь па грузінскіх населеных пунктах. Грузія проста была вымушана ўмяшацца, каб лакалізаваць гэтую ваенную агрэсію. Расея скарыстала гэту нагоду, каб абараніць сваіх грамадзянаў, якім яна выдала пашпарты. Яна адкрыта здзейсніла гэту ваенную агрэсію, наўпрост акупавала тэрыторыю Грузіі. Зараз, напрыклад, там адкрыта дыслакуецца 4-я вайсковая база.
Журналіст вельмі непакоіцца, што падобны сценар можа паўтарыцца Белрусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня