Дзяніс Садоўскі: Каб не казалі, што выбарчы закон усіх задавальняе
„Адмова старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай разглядаць змены ў Выбарчы кодэкс, распрацаваныя ў рамках кампаніі назірання „Права выбару”, абсалютна не здзівілі”, – адзначае адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі „Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, каардынатар кампаніі назірання „Права выбару” Дзяніс Садоўскі. Па яго словах, гэта быў сваеасаблівы тэст для Ярмошынай:
– Каб потым беларускія ўлады, у прыватнасці Ярмошына, не маглі заявіць, што дэмакратычныя сілы нічога не прапаноўвалі змяніць, таму наш закон адпавядае ўсім нормам, і грамадзяне Рэспублікі Беларусь лічаць яго таксама нармальным. Мы не лічым яго нармальным, таму мы распрацавалі гэтыя праўкі, і калі ўлада адмаўляецца іх разглядаць, гэта проста сведчанне таго, што ніякай дэмакратызацыі, ніякай лібералізацыі падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі не будзе. Яна пройдзе па звычайнаму сцэнару.
З улікам досведу папярэдніх кампаній, „Права выбару” таксама прапануе ўвесці дадатковыя гарантыі для кандыдатаў у прэзідэнты, замацаваць іх асабістую недатыкальнасць і прадугледзіць магчымасць накіроўваць прадстаўнікоў кандыдатаў у склад выбарчых камісій.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя