Дзяніс Садоўскі: Нам абяцалі, што партыю зарэгіструюць
Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі распавёў, пры якіх умовах могуць зарэгістраваць іх арганізацыю.
Вярхоўны суд 24 мая разгледзіць скаргу аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) на чарговую адмову Міністэрства юстыцыі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.
Міністэрства юстыцыі ўжо сёмы раз адмовіла ў рэгістрацыі БХД. Сярод падстаў для адмовы былі пазначаны “адсутнасць хатніх або рабочых нумароў некалькіх заснавальнікаў”, а таксама “памылкі ў датах нараджэння двух заснавальнікаў”.
Дзяніс Садоўскі: Натуральна, мы не маем ніякіх ілюзій адносна перспектыў разгляду скаргі ў Вярхоўным судзе. Падалі яе выключна дзеля таго, каб паказаць сваю нязгоду з рашэннем Міністэрства юстыцыі, і каб яшчэ раз прадставіць для грамадскасці і гісторыі факты, якія паказваюць абсурднасць адмовы і яе палітычны характар.
РР: Міністэрства юстыцыі ўжо сёмы раз адмовіла ў рэгістрацыі БХД. Ёсць надзея, што некалі арганізацыю усё-такі легалізуюць?
Дзяніс Садоўскі: Мяркую, гэта адбудзецца, калі будуць нейкія зрухі ў грамадстве і ў палітычнай сістэме. Але пры гэтай уладзе і сённяшняй сітуацыі шанцаў на рэгістрацыю БХД няма, як няма на гэта і палітычнай волі ўладаў. Мы вядзем працу як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі з нашымі партнёрамі, і нам не аднойчы амаль на 100 адсоткаў абяцалі, што партыя будзе зарэгістравана. Але, як кажуць, вазок да гэтага часу на месцы. Таму нават ціск на ўлады звонку пакуль не дапамагае. Праўда, гэта ніяк не ўплывае на нашу дзейнасць. Мы працягваем свае розныя грамадскія кампаніі і будзем іх працягваць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя