Дзяніс Садоўскі: Шукаем памяшканне для правядзення з’езду



Некалькі ўстаноў адмовілі аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў памяшканні для правядзення з’езду.

Правядзенне мерапрыемства запланавана на чэрвень. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе БХД. З моманту падачы зваротаў да кіраўніцтва 13 устаноў Менска з просьбай выдзеліць памяшканне для правядзення 13 чэрвеня ўстаноўчага з’езду Партыі БХД аргкамітэт вядзе актыўны пошук. «Але пакуль прыходзяць толькі адмовы», –  паведаміў сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі.

– Сітуацыя будзе паўтарацца як і папярэднія чатыры разы. Пакуль Менгарвыканкам не дасць паперу, што яны дазваляюць нам арэндаваць памяшканне, нам паўсюль будуць адмаўляць. Гэта палітычнае рашэнне, якое будзе прымацца ў Адміністрацыі прэзідэнта. Спрабуем арганізаваць ціск на беларускія ўлады. Спадзяемся, што за лічаныя дні да з’езду, у лепшым выпадку, нам памяшканне для з’езду ўсё ж будзе прадстаўлена.

Дзяніс Садоўскі заклікаў хрысціянскіх дэмакратаў Еўропы аказаць ціск на ўлады Беларусі, каб яны не перашкаджалі прадстаўленню памяшканняў і гарантавалі права на свабоду асацыяцый.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя