Дзяніс Садоўскі: Трэба, каб народ бачыў сэнс у прапанаваным



Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Дзяніс Садоўскі выказаў сваё меркаванне адносна магчымых пратэстаў падчас прэзідэнцкай кампаніі.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч у эфіры „Еўрарадыё” звярнуўся да будучага адзінага кандыдата з просьбай памятаць пра вялікую адказнасць за наступствы магчымых вулічных супрацьстаянняў.

“Мала людзей – гэта дыскрэдытацыя, – заявіў Мілінкевіч. – І дэмакратыі, і лідараў, і іх ідэй. Слабая вуліца – сюжэт для Салаўёвых…”

Дзяніс Садоўскі: Я згодзен, што, калі і заклікаць народ на вуліцу, то ўсё павінна быць максімальна падрыхтавана. Калі нешта арганізоўваць, то так, каб у гэтым быў безумоўны сэнс.

Я ўпэўнены, што стратэгія адзінага кандыдата будзе накіравана не толькі на тое, каб вывесці на пратэсты хоць кагосьці. Трэба крок за крокам да гэтага ісці. Ніхто не будзе рабіць нейкія крокі проста дзеля працэса. Будзе колькасць – будзе і якасць.

РР: Як вы ацэньваеце сёняшнія пратэстныя настроі ў грамадстве?

Дзяніс Садоўскі: Мне падаецца, што ёсць шмат незадаволеных дзеяннямі ўлады, але пытанне ў тым, каб народ бачыў сэнс у тым, што ім будзе прапаноўваць апазіцыя. Каб была бачна дакладная мэта, якую рэальна дасягнуць.

Хаця на гэты момант, мяркую, людзям у сувязі з каронавірусам зусім не да вулічных пратэстаў. І як далей будуць разгортвацца падзеі, складана прадказаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота krynica.info