Дзяніс Садоўскі: Выбары для ўлады – святая карова



Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Дзяніс Садоўскі распавёў пра тое, ці будуць будучыя прэзідэнцкія выбары адрознівацца ад папярэдніх.

Дзяніс Садоўскі: Заўсёды хочацца верыць у нейкія змены, але пакуль відавочна, што ніякіх істотных змяненняў падчас кампаніі не будзе. Хіба што прэзідэнцкія выбары выкарыстоўваюцца ўсімі сіламі па-рознаму дзеля тых задач, якія яны перад сабой ставяць.

Хаця, безумоўна, нельга звяртаць увагу на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, геапалітычныя працэсы. Таму заўсёды трэба быць гатовымі да тых магчымасцей, якія ў любы момант могуць адкрыцца. І мы кампанію будзем праводзіць такім чынам, каб дасягнуць мэтаў праз працу з людзьмі. Будзем выкарыстоўваць выбары абавязкова.

РР: На ваш погляд, ці паўплываюць нейкім чынам на выбары расейска-беларускія стасункі, якія апошнім часам знаходзяцца ў досыць напружаным стане?

Дзяніс Садоўскі: Безумоўна, для часткі дэмакратычных сілаў пытанне незалежнасці будзе галоўным чыннікам падчас выбарчай кампаніі, хаця для большасці беларусаў на першым месцы, як мне падаецца, усё-такі пагаршэнне ўзроўню жыцця. І гэтыя два галоўныя пытанні павінны ўздымацца апазіцыяй і падчас прэзідэнцкай, і парламенцкай кампаній.

РР: Улада пастаянна заяўляе пра перамогі з вялікай перавагай, але зрабіць больш празрыстымі выбары чамусьці пры гэтым адмаўляецца. На ваш погляд, чаму?

Дзяніс Садоўскі: У тым уся і справа, што ўлада не ўпэўнены ў сабе. Сістэма, якая выпрацавана гадамі, дае неабходны вынік падчас выбараў, а іншыя лічбы яны бачаць не прызвычаіліся і не хочуць. Могуць знайсці 100 нагод таго, чаму працэс зменаў Выбарчага закона зацягваецца, але пры гэтым там цудоўна разумеюць, што адбываецца на самой справе. І што можа адбыцца, калі зрабіць сапраўды празрысты падлік галасоў.

Я наогул не думаю, што пры гэтай уладзе будуць нейкія істотныя змены. Можа быць, пэўныя касметычныя папраўкі ўнясуць, але не больш за тое. Ніхто рызыкаваць не будзе. Выбары для ўладаў – святая карова, якую ніхто чапаць не будзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя