Дзяржаўнае інфармагенцтва паведаміла пра затрыманне 32 баевікоў



У сілавых органах пакуль не каментуюць інфармацыю дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА пра затрыманне пад Менскам баевікоў.

„Сёння ўначы супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі пад Менскам затрымалі 32 баевікі замежнай прыватнай ваеннай кампаніі”, — паведамляе БелТА адным сказам з пазнакай „будзе дапоўнена”, аднак ужо больш за паўтары гадзіны гэтая навіна не дапаўняецца.

Афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава на пытанне БелаПАН, ці ўдзельнічалі супрацоўнікі МУС у затрыманні, сказала: „Пакуль інфармацыі ў мяне ніякай няма для вас. Чакайце, я думаю, з’явіцца, але пакуль няма”.

На аналагічнае пытанне афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч адказаў: „Я пакуль ні пацвердзіць гэтую інфармацыю, ні абвергнуць не змагу. Пакуль ніякай інфармацыі няма”.

Атрымаць каментар у КДБ немагчыма — мабільны тэлефон афіцыйнага прадстаўніка ведамства Андрэя Яраша адключаны.

24 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з калектывам 5-й асобнай брыгады спецназа ў Мар’інай Горцы заявіў, што „ўсякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацыяў, потым — майданы”. „На майдан, калі сваіх няма (у нас малавата „майданутых”), іх падцягнуць з боку. Гэта прафесійныя ваенныя, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у межах ПВК (прыватныя ваенныя кампаніі) па ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by