Дзяржаўны суверэнітэт Беларусі — адзін з напрамкаў стратэгіі знешнепалітычнай дзейнасці Украіны
Недапушчэнне абмежавання дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі з боку Расеі — адзін з напрамкаў стратэгіі знешнепалітычнай дзейнасці Украіны, якую ўвёў у дзеянне прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі ўказам ад 26 жніўня.
Дакумент быў зацверджаны 30 чэрвеня на пасяджэнні Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (РНБА).
У раздзеле „Рэгіянальнае супрацоўніцтва” адносінам з Беларуссю прысвечаны восьмы з 11 пунктаў. „У стасунках з Рэспублікай Беларусь будзе паслядоўна дэманстравацца салідарнасць з беларускім народам у імкненні развіваць еўрапейскую, дэмакратычную і прававую дзяржаву, а таксама не дапусціць абмежавання дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь з боку Расейскай Федэрацыі. Зацікаўленасцям Украіны адпавядае развіццё прагматычнага ўкраінска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”, — гаворыцца ў стратэгіі.
Украіна не прызнала афіцыйныя вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і не лічыць Аляксандра Лукашэнку кіраўніком дзяржавы. Прэзідэнт Зяленскі неаднаразова выказваўся за правядзенне новых выбараў у суседняй краіне. Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што афіцыйны Кіеў абмяжоўваецца згадваннем імя і прозвішча Лукашэнкі.
У ліпені ўрад Украіны прапанаваў РНБА ўвесці на тры гады санкцыі ў дачыненні да 52 беларускіх грамадзян, адказных за фальсіфікацыю выбараў і гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў.
БелаПАН