Дзяржаўныя СМІ Гарадзеншчыны „ўключаюцца ў выбары”
Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі займаюцца схаванай агітацыяй праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў. У нумарах „Гродзенскай праўды” пачалі з’яўляцца артыкулы, прысвечаныя збору подпісаў за ніх. Разам з тым, газета „Перспектива” рыхтуе чытача да негатыўнага ўспрыняцця незалежных назіральнікаў і прэтэндэнтаў ад дэмакратычных сілаў пад час выбараў. Артыкул гэтай газеты „Кто идёт?”за 20 ліпеня ўжо стаў падставай, каб назіральнік Віктар Сазонаў накіраваў скаргу ў абласную тэрытарыяльную выбарчую камісію.
– Там, дзе з’яўляецца нейкае асвятленне, як гэта адбылося ў газеце “Перспектива”, артыкул “Кто идёт?”, дзе аўтар робіць свае высновы пра кандыдатаў, якіх яшчэ няма, бо яны яшчэ не зарэгістраваныя. І аўтар робіць, на маю думку, зневажальныя высновы, гаворычы пра тое, што знойдуцца сярод гэтых кандыдатаў і такія, якія пасля свой пройгрыш спішуць на праславуты адміністрацыйны рэсурс. Я лічу, што гэта падрыхтоўка грамадскай думкі гарадзенцаў да таго, каб яны не ўспрынялі крытыку нас, як назіральнікаў, і крытыку саміх кандыдатаў наконт таго, што можа быць яны заўважуць нейкія несправядлівасці.
Віктар Сазонаў просіць Гарадзенскую тэрытарыяльную выбарчую камісію вынесці папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння выбарчага заканадаўства рэдакцыі гарадзенскай рэгіянальнай газеты “Перспектива” і аўтару артыкула Вадзіму Ялфімава з патрабаваннем размяшчэння ў наступным нумары газеты іншага артыкула з указаннем на некарэктнасць некаторых выказванняў у артыкуле “Кто идёт?”.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя