Дзяржаўныя СМІ заклікаюць актыўна галасаваць
Змяніўся тон дзяржаўных СМІ адносна электаральнай кампаніі. Гэта вынікае з маніторынгу асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года, які праводзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў. Арганізацыя прэзентавала яго другі этап.
Цяпер эфірны час пра выбары значна павялічыўся, але пра кандыдатаў і іх праграмы ня сталі расказваць больш. Асноўны пасыл — „трэба галасаваць”.
Пра гэта нам сказаў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:
– Трэнд змяніўся літаральна ў апошнія дні, калі пачалося датэрміновае галасаванне. Зараз дзяржмедыя значна больш часу аддаюць выбарчай тэматыцы і галоўны пасыл – гэта зноў такі не выбарчыя спрэчкі, абмеркаванні праграм, а галоўны пасыл „ідзіце і галасуйце”.
Назіральнікі адзначаюць, што рэгіянальныя дзяржаўныя СМІ дакладна дублююць падыходы і інтанацыі цэнтральных дзяржаўных медыя. У БАЖы аналізуюць публікацыі на выбарчую тэму ў 14-ці беларускіх медыя, дзяржаўных і недзяржаўных, электронных і друкаваных, агульнанацыянальных і рэгіянальных.
Беларускае Радыё Рацыя
