Дзяржаўныя СМІ зрабілі ўсё, каб гэтыя выбары былі ціхімі і незаўважнымі



Беларуская асацыяцыя журналістаў прэзентавала выніковы даклад, прысвечаны маніторынгу асвятлення парламенцкіх выбараў у беларускіх сродках масавай інфармацыі.

“Дзяржаўныя СМІ зрабілі ўсё, каб гэтыя выбары былі ціхімі і незаўважнымі для грамадства”, – кажа эксперт Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Анціпенка:

– Гэта выбары, у якіх былі фактычна нябачныя кандыдаты, дзе на авансцэне прысутнічала Цэнтральная і іншыя выбарчыя камісіі. Яны і былі галоўнымі ньюсмэйкерамі і падавалі інфармацыю. Гэтыя выбары былі ціхімі і таму, што палітычныя партыі фактычна мелі мізэрную прысутнасць у медыяпрасторы і былі ані чутныя, ані бачныя. Выбарцы не мелі крытычнага голасу. То бок, калі ўсё разам гэта скласці, ствараецца ўражанне добра адпрацаванай мадэлі асвятлення выбарчай кампаніі.

Такі характар асвятлення выбарчай кампаніі ў стылі “ціхіх выбараў” паўплываў і на асвятленне выбарчай тэматыкі ў незалежных сродках масавай інфармацыі. “У выніку адбылася маргіналізацыя апазіцыйных палітычных партый, пазбаўленне іх голасу,” – гаворыцца ў выніковым дакладзе, які прэзентавала Беларуская Асацыяцыя Журналістаў.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belapan.by