Дзярждэп ЗША: Да парламенцкіх выбараў у Беларусі ёсць сур’ёзныя пытанні



ЗША шкадуюць, што „альтэрнатыўныя галасы не будуць прадстаўлены ў парламенце” Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа ў сувязі з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, якія прайшлі 17 лістапада.

Тэкст заявы апублікаваны на сайце Дзярждэпартамента ЗША.

Пампеа адзначыў „мірнае правядзенне” парламенцкіх выбараў і вялікую колькасць акрэдытаваных мясцовых і міжнародных назіральнікаў.

„Аднак місіі па назіранні за выбарамі сумесна прыйшлі да высновы, што „асноўныя свабоды былі праігнараваныя і цэласнасць выбарчага працэсу не была належным чынам гарантаваная”, — сказаў Пампеа. — Высновы і заўвагі місій Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы з нагоды гэтых выбараў выклікаюць глыбокую трывогу”.

Пампеа падкрэсліў, што сур’ёзныя пытанні выклікаюць перашкоды для рэгістрацыі палітычных партый, пазбаўленне рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, цэласнасць працэсу датэрміновага галасавання, непразрысты працэс, які не паддаецца праверцы падліку галасоў, адсутнасць плюралізму ў складзе выбарчых камісій, крымінальныя санкцыі за дыфамацыю і абмежаванні для працы СМІ.

„Мы адзначаем, што не было ніякіх істотных змяненняў у выбарчым працэсе з тых, што рэкамендавалі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянская камісія Савета Еўропы. Мы працягваем заклікаць урад Беларусі правесці сур’ёзную рэформу свайго выбарчага заканадаўства і працэсаў у адпаведнасці з гэтымі рэкамендацыямі, — сказаў Пампеа. — Умацаванне дэмакратыі ўмацуе беларускі суверэнітэт і незалежнасць, якія Злучаныя Штаты безумоўна і цвёрда падтрымліваюць, і пракладзе шлях да ўмацавання двухбаковых сувязей”.

belapan.by