Дзярждэпартамент ЗША: Нас па-ранейшаму паражаюць сіла, стойкасць і мужнасць беларускага народа
Злучаныя Штаты хацелі б бачыць у Беларусі мірны і інклюзіўны дыялог, які дазволіў бы ўмацаваць незалежнасць і суверэнітэт краіны, заявіў кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс 5 лютага падчас тэлефоннага брыфінгу.
Ён адзначыў, што Злучаныя Штаты вітаюць магчымасць адзначыць гэтую нядзелю, 7 лютага, як Дзень салідарнасці з народам Беларусі.
„На гэтым тыдні будзе шэсць месяцаў мірных акцый пратэсту пасля фальсіфікаваных выбараў у жніўні мінулага года. Нас па-ранейшаму дзівяць выключная сіла, стойкасць і мужнасць беларускага народа. Перад тварам непераадольных рэпрэсій яны працягваюць патрабаваць свабоды і дэмакратыі. Свет быў натхнёны народам Беларусі, асабліва беларускімі жанчынамі, якія мірна выступалі за тое, каб мець права голасу ў будучыні Беларусі”, — адзначыў прадстаўнік Дзярждэпартамента.
„Мы падтрымліваем мірны і інклюзіўны дыялог, які ўмацоўвае незалежную, суверэнную Беларусь, з урадам, які абараняе асноўныя правы свайго народа. Мы будзем працягваць салідарна з народам Беларусі і людзьмі ва ўсім свеце, якія сутыкаюцца з жахлівай жорсткасцю пры ажыццяўленні сваіх дэмакратычных свабод”, — падкрэсліў Прайс.
Як паведамлялася, нядаўна прызначаная паслом ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр з 1 па 8 лютага наведвае некалькі еўрапейскіх гарадоў. „У межах бягучых кансультацый прызначаны пасол Фішэр сустрэнецца з партнёрамі з урадаў, навуковых колаў і грамадзянскай супольнасці для абмеркавання намаганняў, якія яны робяць, а таксама шляхоў сумеснай працы для падтрымкі імкненняў беларускага народа да захавання суверэнітэту і незалежнасці, а таксама ўмацавання дэмакратыі і павышэння дабрабыту”, — паведамляла прэс-служба пасольства ЗША ў Мінску.
Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю ініцыявала правесці 7 лютага экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская. Намер далучыцца да яго выказалі многія краіны ЕС і іх лідары, а таксама грамадзяне гэтых краін і беларускія дыяспары за мяжой.