Дзярждума разгледзіць законапраект аб спрашчэнні міграцыйных адносін з Беларуссю
Урад РФ унёс у Дзярждуму законапраект аб спрашчэнні міграцыйных адносін паміж Расеяй і Беларуссю, які прадугледжвае ў тым ліку вызваленне ад атрымання міграцыйнай карты замежнікаў, якія часова або пастаянна пражываюць на тэрыторыях дзвюх дзяржаў. Дакумент размешчаны ў суботу ў думскай электроннай базе даных.
„Уносяцца змены ў пагадненне паміж урадам РФ і ўрадам Рэспублікі Беларусь аб выкарыстанні міграцыйнай карты адзінага ўзору, накіраваныя на вызваленне ад атрымання міграцыйнай карты замежных грамадзян, якія часова або пастаянна пражываюць на тэрыторыях дзяржаў бакоў, а таксама членаў экіпажаў марскіх і рачных суднаў, што захадзяць у марскія і рачныя парты дзяржаў бакоў”, — цытуе ТАСС тлумачальную запіску да дакумента.
Акрамя таго, з ініцыятывы беларускіх уладаў вызваляюцца ад атрымання міграцыйных карт замежныя грамадзяне, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу Беларусі для часовага знаходжання на яе тэрыторыі.
5—7 красавіка ў Гародні прайшло 15-е пасяджэнне міждзяржаўнай міжведамаснай рабочай групы па выпрацоўцы рэкамендацый па правядзенні ўзгодненай міграцыйнай палітыкі Беларусі і Расеі.
На пасяджэнні ў ліку іншых абмяркоўвалася тэма стварэння адзінай міграцыйнай прасторы. Быў падпісаны пратакол аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у міжурадавае пагадненне аб выкарыстанні міграцыйнай карты адзінага ўзору ад 5 кастрычніка 2004 года. „Адпадзе неабходнасць запаўнення міграцыйных карт пры ўездзе замежнікамі, якія часова i пастаянна пражываюць у Расіі і ўязджаюць у РФ, а таксама ўсімі катэгорыямі іншаземцаў, якія прыязджаюць у Беларусь, за выключэннем тых, хто едзе транзітам у Расію”, — тлумачыла беларускае МЗС.
Для ўваходжання ў сілу пратакол павінен прайсці праз ўнутрыдзяржаўныя працэдуры ратыфікацыі.