Беларуска-ўкраінская мяжа ахоўваецца ў штатным рэжыме



Дзяржаўная мяжа з Украінай ахоўваецца ў штатным рэжыме, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі.

26 лістапада прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў указ аб уводзе ў дзеянне рашэння Савета нацыянальнай бяспекі і абароны „Аб надзвычайных мерах па забеспячэнні дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці Украіны і ўвядзенні ваеннага становішча ва Украіне”. Ваеннае становішча будзе дзейнічаць 60 дзён. Указ павінна ўхваліць Вярхоўная рада.

Паводле слоў Бычкоўскага, дадатковае ўзмацненне на беларуска-ўкраінскай мяжы не ўводзілася. „У супрацоўніцтве з Дзяржаўнай памежнай службай Украіны намі прымаюцца неабходныя меры для забеспячэння пагранічнай бяспекі на ўчастку мяжы, які ахоўваецца сумесна”, — сказаў Бычкоўскі.

Прычынай рашэння Кіева ўвесці ваеннае становішча стаў узброены інцыдэнт у Керчанскім праліве 25 лістапада.

Як паведаміў прэс-цэнтр Ваенна-марскіх сіл Украіны, расейскія памежныя караблі з ужываннем зброі захапілі тры ўкраінскія судны, якія ішлі з Адэсы ў Марыупаль, параніўшы шасцярых ваеннаслужачых. У палон трапілі 23 чалавекі. Адзін з караблёў РФ здзейсніў таран.

Керчанскі праліў падзяляе мацерыковую Расею і паўвостраў Крым, які РФ лічыць сваім пасля рэферэндуму 2014 года. Улады ў Кіеве і Захад не прызнаюць Крым расейскай тэрыторыяй.

belapan.by