Дзяржсакратар ЗША: Мы будзем абараняць правы чалавека ў сябе дома і за мяжой
„Мы будзем абараняць правы чалавека ў сябе дома і за мяжой”, — напісаў дзяржсакратар ЗША Тоні Блінкен на сваёй старонцы ў „Твітэры”.
Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі такім чынам падтрымаў прэзідэнта краіны Джо Байдэна, які 29 красавіка заявіў, што Амерыка не адмовіцца ад прыхільнасці правам чалавека і асноўным свабодам. „Ні адзін адказны амерыканскі прэзідэнт не можа захоўваць маўчанне, калі парушаюцца асноўныя правы чалавека”, — падкрэсліў Байдэн.
Сярод заходніх краін ЗША ўвялі найбольш жорсткія санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. 30 красавіка і 1 траўня гэтага года праўладныя структуры правялі ля амерыканскага пасольства ў Менску акцыі пратэсту супраць санкцый. Пасля першай акцыі дыпмісія выпусціла кароткі каментар: „Сёння ўлады дазволілі мірным дэманстрантам, якія падтрымліваюць рэжым, сабрацца ля пасольства ЗША. Зноў вітаем мірны пратэст. Мірным дэманстрантам, якія выступаюць за дэмакратыю, трэба таксама забяспечыць права на свабоду сходаў без рэпрэсій. Двайныя стандарты кідаюцца ў вочы”.
У адказ МЗС Беларусі выставіла сустрэчнае абвінавачанне ў двайных стандартах, нагадаўшы пра пажыццёвае блакаванне твітэр-акаўнта былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа: амерыканскае пасольства „мае магчымасць размяшчаць пасты ў сацыяльнай сетцы „Твітэр”. Усім астатнім палітычным суб’ектам ЗША, нават калі яны былыя, павінна быць таксама бесперашкодна дадзенае такое права. Ніякіх двайных стандартаў нідзе!” (9 студзеня кіраўніцтва „Твітэра” пажыццёва заблакавала акаўнт Трампа, на той момант яшчэ прэзідэнта ЗША, у сувязі з „рызыкай далейшага падбухторвання да гвалту”. Рашэнне было прынятае праз тры дні пасля штурму Капітолія прыхільнікамі Трампа, незадаволенымі перамогай на прэзідэнцкіх выбарах яго галоўнага суперніка Байдэна. Падчас беспарадкаў загінула пяць чалавек.)