Дзяржсакратар ЗША: Народ Беларусі хоча свабоды, і мы збіраемся быць побач, каб аказаць падтрымку



 Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі не мела сэнсу, заявіў дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа ў інтэрв’ю тэлеканалу Fox News, якое апублікаванае на сайце Дзярждэпартамента.

Пампеа нагадаў, што ЗША заявілі пра фальсіфікацыю выбараў прэзідэнта Беларусі на працягу некалькіх дзён пасля іх правядзення.

„Мы ведаем, чаго хоча народ Беларусі, — сказаў ён. — Яны хочуць перамен, яны хочуць свабоды. Яны хочуць руху ў іншым накірунку, у якім Лукашэнка іх не вёў. І мы збіраемся быць побач, каб паспрабаваць дапамагчы, падтрымаць іх, выкарыстоўваючы нашы дыпламатычныя магчымасці, каб паказаць найлепшы шлях наперад”.

Пампеа адзначыў, што ЗША яшчэ абдумваюць свае дзеянні ў адказ на сітуацыю ў Беларусі. „Я бачыў, што былі ўведзеныя санкцыі Злучаным Каралеўствам і Канадай, і, магчыма, наступным будзе ЕЗ, — сказаў ён. — Мы шукаем інструменты, якія найлепшым чынам прынясуць вынікі, якіх патрабуе народ Беларусі, не толькі ў Менску, але і па ўсёй краіне”.

На рэмарку журналіста аб тым, што гэта трэба рабіць, „не правакуючы маленькіх зялёных чалавечкаў”, Пампеа адказаў: „Мы таксама ясна далі зразумець расіянам, што займацца такой дзейнасцю не ў чыіх-небудзь інтарэсах. Гэта не прынясе карысці народу Расіі. Гэта не прынясе карысці народу Беларусі. Гэта ўскладніць адносіны паміж усімі краінамі рэгіёна”.

belapan.by

Фота CNN