Дзяржсакратар ЗША назваў сітуацыю ва Украіне, міграцыйны крызіс і «Паўночны паток — 2» узаемазвязанымі
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен мяркуе, што цяперашняя сытуацыя вакол Украіны, міграцыйны крызіс на межах Беларусі з Еўразвязам, а таксама праект газаправода «Паўночны паток — 2» звязаныя паміж сабой.
Такое меркаванне ён выказаў, выступаючы 3 снежня на анлайн-форуме Reuters Next.
Стэнаграму гутаркі апублікавалі на сайце Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША.
Энтані Блінкену задалі пытанне аб тым, ці лічыць ён «ваенную пагрозу ў дачыненні да Украіны», мігрантаў на мяжы Беларусі з Еўразвязам, а таксама «Паўночны паток — 2» «скаардынаванай геапалітычнай стратэгіяй» Пуціна, які такім чынам нібыта можа аказваць ціск на Еўропу.
«Што ж, мусіць, так, інакш кажучы, усе гэтыя з’явы маюць месца, і яны звязаныя адна з адной. І тое, што мы назіраем у Беларусі на межах трох краін, сапраўды абуральнае выкарыстанне мігрантаў у якасьці палітычнай зброі — гэта можа пасеяць хаос і нестабільнасць і ў той жа час узрастаючы ціск на Украіну, і так, таксама на энэргетыку, асабліва зімой. Я думаю, што гэтыя рэчы аб’яднаныя», — адказаў Блінкен.
Апошнім часам Украіна заяўляе пра вялікую колькасьць расейскіх войскаў на мяжы і пра магчымае ўварванне Расеі на ўкраінскую тэрыторыю. На Захадзе таксама лічаць, што Расея можа рыхтаваць уварванне. У Маскве гэтыя заявы называюць «пустым і беспадстаўным нагнятаннем напружанасці».
Газаправод «Паўночны паток — 2» — супольны праект расейскага «Газпрому» і шэрагу еўрапейскіх, перш за ўсё нямецкіх, кампаніяў — быў канчаткова дабудаваны ў верасні 2021 года. Цяпер ён чакае сертыфікацыі нямецкімі ўладамі і канчатковай ухвалы Еўракамісіі. ЗША і шэраг краін ЕЗ выступаюць супраць рэалізацыі гэтага праекту, называючы яго інструмэнтам націску на Украіну і Еўразвяз.
Міграцыйны крызіс на межах Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай, куды з пачатку года накіраваліся мігранты, рэзка абвастрыўся 8 лістапада. Некалькі тысяч чалавек падышлі з беларускага боку да польскай мяжы, некаторыя з іх паспрабавалі трапіць на тэрыторыю Польшчы, зламаўшы агароджу з калючага дроту.
Пазней каля 2 тысяч чалавек размясцілі ў транспартна-лагістычным цэнтры ў Брузгах непадалёк ад мяжы з Польшчай. Частка мігрантаў вярнулася самалётамі ў Ірак. Менск абвінавачваюць у наўмыснай эскалацыі крызісу на мяжы. 2 снежня ЗША, Еўразвяз, Канада і Вялікабрытанія ўвялі новыя санкцыі адносна Беларусі.