Дзяржсакратар ЗША заклікаў Менск дазволіць арцыбіскупу Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь
Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа зноў заклікаў афіцыйны Менск дазволіць вярнуцца ў краіну мітрапаліту Менска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. Адпаведная заява апублікаваная на сайце Дзярждэпартамента.
„Прайшло больш за 40 дзён з таго часу, як беларускія ўлады не дазволілі свайму грамадзяніну, каталіцкаму арцыбіскупу Кандрусевічу, вярнуцца ў краіну, зыходзячы з сумнеўнай думкі, што рэлігійныя лідары не павінны публічна выступаць супраць несправядлівасці, — адзначыў Пампеа. — Іх крок сам па сабе з’яўляецца несправядлівасцю і замахам на свабоду веравызнання. Вера — гэта не толькі асабістая справа кожнага. Я заклікаю беларускія ўлады выправіць гэтую несправядлівасць і дазволіць лідару Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі вярнуцца ў краіну”.
31 жніўня памежнікі без тлумачэння прычын не ўпусцілі Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь, нягледзячы на яго беларускае грамадзянства. Праз два тыдні афіцыйны партал касцёла ў Беларусі са спасылкай на кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Аляксандра Лапо паведаміў, што Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь, таму што міліцыя палічыла яго пашпарт несапраўдным.
У сярэдзіне верасня начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун паведаміў журналістам, што ведамства высвятляе моманты, звязаныя з магчымай наяўнасцю ў арцыбіскупа сапраўднага замежнага грамадзянства, а таксама са спыненнем ранейшага замежнага грамадзянства пасля натуралізацыі ў Беларусі.
Кандрусевіч, будучы ўраджэнцам Беларусі, на момант развалу Савецкага Саюза служыў у Расеі і атрымаў расейскае грамадзянства. Неўзабаве пасля прызначэння на Мінска-Магілёўскую кафедру ў 2007 годзе каталіцкі іерарх адмовіўся ад расейскага грамадзянства на карысць беларускага.
Праз два дні пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, 11 жніўня, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт.
15 жніўня ён звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі і чыноўнікаў з заклікам пачаць „канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян”. „Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан’юнктурным інтарэсам. <…> Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў, збіццё людзей, якія выйшлі на мірныя дэманстрацыі, таму што хочуць ведаць праўду, жорсткае абыходжанне з імі і ўтрыманне ў нялюдскіх умовах у месцах зняволення — цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць насілле”, — зазначыў каталіцкі іерарх.
На мітынгу ў сваю падтрымку ў Гродне 22 жніўня Лукашэнка парэкамендаваў духавенству „супакоіцца і заняцца сваёй справай”, а таксама заявіў, што „цэрквы, касцёлы — не для палітыкі”. Ён заклікаў служыцеляў царквы „не ісці за адшчапенцамі”. „Вам будзе сорамна і ганебна за тое, якую вы, некаторыя, пазіцыю займаеце цяпер. І дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе”, — адзначыў Лукашэнка.