Дзясяткі тысяч чалавек падпісаліся пад петыцыяй супраць прызнання БЧБ-сцяга экстрэмісцкім
Дакумент быў створаны 29 студзеня Каардынацыйнай радай (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне пасля таго, як Генпракуратура прыняла да разгляду калектыўны зварот аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім.
„У Генеральную пракуратуру паступіў калектыўны зварот, пад якім падпісаліся больш за сотню грамадзян з просьбай аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. З улікам раней праведзенай Генеральнай пракуратурай працы па ўдасканаленні заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму цяпер мы рыхтуем пакет дакументаў аб прызнанні экстрэмісцкімі бел-чырвона-белага сцяга і іншай сімволікі”, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Беларусі Анжаліка Курчак у эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.
На гэты момант пад петыцыяй супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім падпісаліся 51,3 тыс. чалавек.
Як адзначаюць яе аўтары, „гэтым летам беларусы самастойна выбралі свае колеры і свой сцяг, пры гэтым не ўшчамлялі прыхільнікаў спалучэння чырвонага з зялёным”. „Забараняць мільёнам людзей выкарыстоўваць бел-чырвона-белую сімволіку па просьбе ста чалавек — несправядліва!” — лічаць стваральнікі петыцыі.
„У Кодэксе Беларусі „Аб культуры” (п. 2. арт. 69) змест геральдычных аб`ектаў адносіцца да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў. Бел-чырвона-белы сцяг, які быў дзяржаўным сцягам Беларусі з 1991 па 1995 год, з`яўляецца прыкладам нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці”, — гаворыцца ў петыцыі.
Падпісанты дакумента лічаць, што „забарона на выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі не абгрунтаваная нічым, акрамя палітычнага націску на грамадзян, нязгодных з дзеяннямі дзейных уладаў. Грамадзяне павінны мець магчымасць звяртацца ў дзяржаўныя органы, патрабаваць прызнання пэўных кампаній, асоб, колераў экстрэмісцкімі. Але мы дакладна ведаем, што забарона бел-чырвона-белай сімволікі — гэта не жаданне народа, а капрыз 100 чалавек”.
Аўтары петыцыі настойваюць на „спыненні пераследу беларусаў за выкарыстанне сімволікі, якая ўяўляе сабой нематэрыяльную культурную каштоўнасць, і прызнанні бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай спадчынай”.
Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што ў найбліжэйшы час беларускі парламент разгледзіць законапраект аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму. Пры гэтым падчас візіту на „Гомсельмаш” 20 лістапада 2020 года ён назваў бел-чырвона-белы сцяг фашысцкім.
„Я ж не хаджу пад фашысцкімі БЧБ-сцягамі. І адкрыта кажу, што гэта фашысцкая сімволіка. І хто ўнёс гэтае пытанне на рэферэндум — ваш пакорны слуга, калі ў нас былі БЧБ-сцягі, якія нацыяналісты праціснулі, — сказаў Лукашэнка. — Я катэгарычна пярэчыў. Але абралі, я стаў прэзідэнтам і імгненна ўнёс вам на рэферэндум: вырашыце, вось — адна сімволіка, вось — другая. Пераважная большасць падтрымала цяперашнюю дзяржаўную сімволіку. Якія да мяне пытанні?”
„І потым, партрэтаў Лукашэнкі пад БЧБ-сцягамі не было, а Гітлера — былі. І мы паказваем гэта. І хто б мог падумаць, што тэатр Янкі Купалы, які быў у гады вайны абвешаны БЧБ-сцягамі, будзе пад гэтымі сцягамі сёлета. Вы што, хочаце сказаць, што я павінен быў гэта цярпець у цэнтры Мінска? Мы прыбярэм гэтую фашысцкую сімволіку з нашага грамадства, зробім гэта прыгожа. І перш за ўсё растлумачваючы, што гэтага нельга рабіць. Наша краіна больш за ўсіх пацярпела ад вайны”, — заявіў Лукашэнка.
Бел-чырвона-белы сцяг з`явіўся каля ста гадоў таму. Ён стаў сімвалам беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя, а ў 2020 годзе — адным з галоўных сімвалаў барацьбы за свабоду і масавых пратэстаў супраць дзейнага рэжыму.