Замежныя дыпламаты пазнаёмяцца з ходам будаўніцтва БелАЭС



Дзясяткі замежных дыпламатаў, акрэдытаваных у Менску, наведаюць 26 мая пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць).

Ініцыятарам паездкі выступіла Міністэрства замежных спраў. Прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык паведаміў БелаПАН, што „Беларусь дэманструе адкрытасць у ходзе рэалізацыі свайго ядзерна-энергетычнага праекта”, таму ахвотна прапанавала замежным дыпламатам асабіста азнаёміцца з тым, як праходзіць будаўніцтва БелАЭС.

Пляцоўку АЭС, у прыватнасці, наведаюць паслы Вялікабрытаніі, Германіі, ААЭ, Палесціны, Румыніі, Сербіі, Туркменістана, Турцыі, Украіны. Таксама ў паездцы ўдзельнічаюць прадстаўнікі дыпмісій Венгрыі, В’етнама, Італіі, Лівіі, Нідэрландаў, Кыргызстана, Польшчы, Славакіі, ЗША, Таджыкістана, Чэхі, Францыі, Японіі і прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі.

Напярэдадні візіту на АЭС пасольства Літвы давяло да ведама беларускага МЗС, што іх прадстаўнік наведваць будпляцоўку не будзе.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расіі. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вода-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.

БелаПАН