Эдуард Лобаў: Мне тройчы прапаноўвалі падпісаць прашэнне аб памілаванні



Вызвалены з калоніі ў Івацэвічах сустрашыня Маладога Фронту, палітычны вязень Эдуард Лобаў падчас сустрэчы з грамадскасцю і журналістамі распавёў, што яму тройчы прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Але ён адмовіўся, паколькі не з’яўляецца вінаватым. Апошні раз такая прапанова паступіла ўвосень 2011 году:

– Спачатку спрабавалі ўгаварыць, а потым у апошні раз прысутнічаў нейкі чалавек, не з нашай калоніі, мне было сказана толькі пару словаў: што ёсць такая магчымасць, згаджаешся – падпісвай, або будзеш сядзець да канца. Я адмовіўся. Я не магу прасіць памілавання за тое, чаго я не здзяйсняў. Па-другое, гэтая ўлада для мяне варожая і было б незразумела, калі я так зрабіў бы.

Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 годы зняволення быццам за асабліва злоснае хуліганства. Разам з ім 2 гады атрымаў лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч. Па меркаванні праваабаронцаў, крымінальная справа была сфабрыкавана на падставе правакацыі спецслужбаў. Падчас суду віна маладафронтаўцаў не была даказана. Па сведчаннях некаторых удзельнікаў працэсу, Лобаў і Дашкевіч падвергліся нападу і былі збіты асобамі, якія потым апынуліся пацярпелымі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя