Егіпет знішчыў тэрарыста вінаватага ў катастрофе пасажырскага самалёта



Паводле паведамлення лонданскага выдання Arab Weekly, егіпецкія спецслужбы знішчылі так званага эміра правінцыі Сінай Абу-Фаіза аль-Ансары. Ён узначальваў тэрарыстычную групоўку «Ансар Бейт аль-Макдзіс», звязаную з Ісламскай Дзяржавай.

Разам з верхаводнікам тэрарыстаў ліквідаваныя яшчэ пяцёх джыхадзістаў. Усе яны хаваліся ў паўднёвых кварталах невялікага егіпецкага горада Рафах на поўначы Сінайскай паўвыспы. Па словах Халеда Укашы, прадстаўніка Вышэйшай антытэрарыстычнай рады і дарадцы прэзідэнта Егіпта Абдэль Фатаха ас-Сісі, знішчэнне аль-Ансары негатыўна адаб’ецца на дзейнасці ІД бліжэйшым часам.

«Ансар Бейт аль-Макдзіс» – найбольш моцная і жорсткая тэрарыстычная арганізацыя, якая дзеіць пераважна на Сінайскім паўвостраве. У 2014 годзе «Ансар Бейт аль-Макдзіс» склала клятву на вернасць былому верхаводніку ІД аль-Багдадзі і стала называцца „Правінцыя Сінай”. У 2015 годзе гэтая групоўка ўзяла на сябе адказнасць за крушэнне над Сінаем пасажырскага самалёта A321 кампаніі «Когалымавиа», які ляцеў з Шарм аш-Шэйха ў Расею.

абломкі лайнера, фота Alaa El Kassas/Anadolu Agency/Getty Images

Тады ў выніку тэракту загінулі ўсе 217 пасажыраў і 7 прадстаўнікоў экіпажа лайнера. Сярод загінулых, акрамя расейцаў, былі 4 украінцы і адзін беларус.

Беларускае Радыё Рацыя