Эйсмант пра рэакцыю Мядзведзева на выказванні Лукашэнкі



„Поўным скажэннем сутнасці” назвала прэс-сакратар прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант каментар расейскага прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева ў сувязі з нядаўнімі выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведамлялася, Мядзведзеў негатыўна ацаніў заяву Лукашэнкі аб тым, што Беларусь пакутавала ад удзелу ў чужых войнах.

„Рэакцыя, трэба сказаць, вельмі нечаканая — і нечаканасць яе заключаецца ў поўным скажэнні сутнасці, — цытуе Эйсмант тэлеканал „Беларусь 1”. — Абсалютна перакананая, што не трэба падрабязна тлумачыць, што азначае „ўсе гэтыя войны — не нашы войны”. Усе абсалютна ясна: кажучы аб гэтым, прэзідэнт меў на ўвазе, што наваяваліся — і Беларусь, і Расея, хопіць! Тым не менш тэма атрымала развіццё, не магу не адзначыць некалькі момантаў”.

„Калі нехта ў постсавецкі перыяд і адхрышчваўся ад нечага, то на нашай памяці рабілася гэта не ў Беларусі, а ў самой Расеі, і не аднойчы, — заявіла прэс-сакратар Лукашэнкі. — Прыклады прыводзіць не будзем, хоць маглі б”.

„Яшчэ больш дзіўна для расійскага прэм’ера павінна выглядаць тое, што пасля столькіх выпрабаванняў, якія прайшлі разам, сёння нашы краіны загразлі ў бясконцых перамовах па нафце, газе і нават прадуктах харчавання, — падкрэсліла Эйсмант. — Вось гэта спадкаемцы Вялікай Перамогі! Гэтыя б пытанні вырашаць прэм’еру Расеі. А не згадваць „сівыя часіны”.

„Галоўнае пытанне, якое ўзнікае ў сувязі з гэтым абмеркаваннем: каму і навошта трэба сёння ўзнімаць гэтую тэму? З якой прычыны? — задаецца пытаннем прэс-сакратар Лукашэнкі. — Нашае стаўленне да гісторыі ўсім вядомае. Хочаце паглядзець, як шануюць памяць пра абаронцаў Айчыны, — прыязджайце ў Беларусь! Проста камусьці трэба, каб гэтая быццам бы абсалютна зразумелая тэма раптам загучала. Ці, магчыма, трэба знайсці новую нагоду „ўкусіць”? Але гэта — пытанне пакуль рытарычнае”.

На тэму ўдзелу ў чужых войнах Лукашэнка разважаў 28 кастрычніка, заслухоўваючы даклад аб ваенна-палітычным становішчы, рызыках, выкліках і пагрозах для Беларусі, прапановах па рэагаванні. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась, міністр абароны Андрэй Раўкоў і начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Ціханаў.

„Мы не хочам ваяваць. Мы ўжо наваяваліся, я ўжо казаў, у чужых войнах. Мы заўсёды гублялі больш, чым хто-небудзь, у гэтых войнах, пачынаючы з Напалеона, сваю эканоміку, сваіх людзей. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта былі не нашы вайны, але мы заўсёды пакутавалі ад гэтых навалаў”, — заявіў беларускі кіраўнік.

„Таму старонка войнаў для беларускага народа ўжо перагорнутая, — падкрэсліў ён. — Наша палітыка зразумелая: мы хочам, каб у гэтым рэгіёне і ў Еўропе ў цэлым, у нашым агульным доме, быў мір. Але, мабыць, камусьці карціць. Таму, зыходзячы зноў жа з урокаў мінулага, вы памятаеце апошнюю вайну, калі нас закалыхвалі: вайны не будзе, падпісалі дамовы з гітлераўскай Германіяй, нас заўсёды нацэльвалі на тое тады — не адказваць на правакацыі і г.д. і да т.п. І мы, склаўшы рукі, маючы ў Беларускай ваеннай акрузе і ва Украіне, і ў Беларусі, маючы каласальныя сілы, страцілі і Украіну і Беларусь у лічаныя месяцы”.

Мядзведзеў, адказваючы на пытанні СМІ 4 лістапада ў Бангкоку, дзе ён узяў удзел у 14-м Усходнеазіяцкім саміце, заявіў (відэазапіс прэс-канферэнцыі размешчаны на YouTube): „Мне здаецца, што ну вось мы ні ў якім разе не павінны кідаць хоць якую цень на подзвіг нашых продкаў, якія абаранялі сваю зямлю, жылі на тэрыторыі сучаснай Расеі або Беларусі. Але яны абаранялі ж сваю зямлю ад захопнікаў”.

„Так было ў 1812 годзе, так было ў перыяд Першай сусветнай вайны, якую б ацэнку там ні давалі ёй гісторыкі. Так, натуральна, было ў перыяд Другой сусветнай, або Вялікай Айчыннай, вайны. Нашы бацькі і дзяды абаранялі нашу зямлю. Гэта не ўдзел у чужых войнах. Таму для мяне вельмі дзіўна чуць такія словы. Асабліва важна, мне здаецца, гэта падкрэсліць у такое свята, як сёння. Сёння — Дзень народнага адзінства, і, як вядома, у гэты перыяд Расея была выратаваная ў 1612 годзе ад інтэрвентаў”, — заявіў кіраўнік расійскага кабінета міністраў.

belapan.by