Эканамічныя інтарэсы ЗША ці клопат пра правы беларусаў?



Беларуска-амерыканскія дачыненні апошнія гады цяжка назваць цёплымі. Праца амбасадаў амаль спыненая пасля высылкі амерыканскіх дыпламатаў у 2008 годзе. А з 2004 года ў дачыненні да Беларусі дзейнічаюць санкцыі. Не так даўно амерыканскія палітыкі прапанавалі пашырыць санкцыйны спіс на „Беларуськалій”, які летась беларускі ўрад вывеў з дзяржаўнага канцэрну „Белнафтахім”.

„Такую прапанову нельга разглядаць як клопат пра правы чалавека ў Беларусі,” – такое меркаванне на старонках „Belarus Digest” выказала кандыдат філасофскіх навук Кембрыджскага ўніверсітэта, аналітык Цэнтра Астрагорскага Вольга Чарныш.

VC-whiteВольга Чарныш: Палітыка кожнай дзяржавы грунтуецца на гаспадарчых інтарэсах. І ЗША тут не ёсць выключэнне. Аднак адна з розніц між ЗША і іншымі краінамі – гэта распаўсюд дэмакратычных нормаў, які ўсур’ёз трактуецца як адзін з нацыянальных інтарэсаў Вашынгтона. Чаму? Бо распаўсюд дэмакратыі асацыюецца са зніжэннем знешнепалітычных пагрозаў: ЗША зменшчыць колькасць бежанцаў, якія едуць у штаты. І таксама гэта рост эканамічных партнёраў, лепшыя ўмовы для амерыканскага гандлю, лепшы клімат для амерыканскіх інвестараў і г.д.

Важна разумець, што дэмакратычныя нарматыўныя інтарэсы з’яўляюцца таксама нацыянальнымі інтарэсамі ЗША. Але дэмакратыя ніколі не была іх адзінай знешнепалітычнай мэтай. І гаспадарчыя, і геапалітычныя інтарэсы з часам пераважваюць. А яскравы прыклад гэтаму – эканамічныя санкцыі супраць “Белнафтахіма”, а таксама нядаўнія спробы распаўсюду санкцый на “Беларуськалій”.

Некаторыя палітыкі, якія падтрымліваюць распаўсюд санкцый на “Беларуськалій”, сапраўды, як мне здаецца, больш зацікаўлены ў гандлёвым пратэкцыянізме, а не ў стварэнні дэмакратыі ў Беларусі. Гэта, напрыклад, шэраг кангрэсменаў штата Нью-Месіка.

У сакавіку мінулага года “Беларуськалій” аддзяліўся ад дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім”, які знаходзіўся пад санкцыямі. І гэты выхад дазволіў прадпрыемству пачаць экспарт калійных угнаенняў у ЗША, стварыўшы тым самым канкурэнцыю амерыканскім калійным вытворцам, многія з якіх якраз знаходзяцца ў штаце Нью-Мексіка. І ў выніку такога аддзялення ўжо сёлета некалькі кангрэсменаў гэтага штата прапанавалі законапраект па пашырэнні санкцый на “Беларуськалій”. Гэтым самым яны атрымалі ахвяраванні на свае выбарчыя кампаніі ад прадпрыемства “Іntrepid Potash”, якое знаходзіцца ў Нью-Мексіка.

Мне і іншым аналітыкам у ЗША падаецца, што крокі гэтых кангрэсменаў супраць “Беларуськалія” ёсць спробай выкарыстаць рыторыку правоў чалавека для абароны эканамічных інтарэсаў штата Нью-Мексіка.

РР: Ці можна тады лічыць, паводле Вас, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі дзейнічаюць, што яны паспяховыя?

Вольга Чарныш: Беларускія ўлады не змянілі сваю палітыку, не вызвалілі ўсіх палітвязняў. А якраз гэтага патрабуюць санкцыі.

Мэта санкцый, я думаю, не толькі зрабіць беларускі рэжым дэмакратычным і прыцягнуць увагу да таго, што адбываецца ў Беларусі, але і стрымаць тых, хто пакуль не трапіў пад санкцыі. І калі разглядаць санкцыі ў такім святле, то ўвага да правоў чалавека ў Беларусі сапраўды пашыраецца. Магчыма, некаторыя лідары постсавецкай прасторы таксама былі стрыманы гэтымі санкцыямі.

Эканамічны вынік санкцый у Беларусі не заўважаецца. І гэта залежыць не столькі ад санкцый ЗША, колькі ад эканамічнай залежнасці ад Расеі. Таму я б не назвала эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі паспяховымі.

РР: Адным з прыярытэтаў ёсць правы чалавека. Але таксама і пытанні геапалітыкі. Вядома, што Усходняя Еўропа – гэта арэна пільнай ўвагі ўсяго свету. Вайна ва Украіне, відаць, змяніла геапалітычны погляд на гэты рэгіён. Апошнім часам заўважаецца актывізацыя кантактаў між палітыкамі ЗША і афіцыйным Менскам. Ці бачыцца Вам са Злучаных Штатаў Амерыкі, што прыйшоў час “перазагрузкі” ў стасунках ЗША і Беларусі? І ці магчыма яна ўвогуле?

Вольга Чарныш:  Я б гаварыла не столькі пра “перазагрузку”, колькі пра нармалізацыю стасункаў з-за ўкраінска-расейскага канфлікту. Я памятаю, што адзін з беларускіх чыноўнікаў якраз і ўжыў такі выраз. А нармалізацыя якраз і азначае вяртанне да нормы. Гэта не зусім паляпшэнне ці “перазагрузка” дачыненняў.

І калі казаць пра норму ў амерыканска-беларускіх стасунках, то яна даволі сціплая. Гэта супраца ў такіх пытаннях, як сфера бяспекі, павелічэнне колькасці супрацоўнікаў амерыканскай амбасады ў Менску. І ў гэтым плане я сапраўды назіраю нармалізацыю дачыненняў. Але больш канкрэтных зменаў у палітыцы, сапраўднага паляпшэння стасункаў ў бліжэйшы час мы не заўважым. Нават звычайныя беларусы не заўважаць якой-небудзь розніцы ў гэтай нармалізацыі дачыненняў Беларусі і ЗША.

Санкцыі супраць Беларусі ЗША ўвялі ў 2004 годзе і пашырылі пасля рэпрэсій у 2006 годзе ды разгону Плошчы ў 2010-ым. Сёлета Барак Абама падоўжыў дзеянне “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” яшчэ на адзін год.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя