Віктар Бабарыка: У ЦВК няма падстаў не рэгістраваць маю ініцыятыўную групу



 Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка перакананы, што ў Цэнтрвыбаркама няма ніякіх падстаў не рэгістраваць яго ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты. Сваё меркаванне з гэтай нагоды экс-банкір выказаў 16 траўня, адказваючы на пытанні інтэрнэт-карыстальнікаў аб выбарчай кампаніі на сваёй старонцы ў „Інстаграме”.

У прыватнасці, на пытанне, які ў яго план, калі ЦВК адмовіць у рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы, Бабарыка адказаў: „Я ўсё ж такі абсалютна ўпэўнены ў тым, што ні фармальных, ні нефармальных падстаў у ЦВК няма. Я абсалютна ўпэўнены ў іх кампетэнтнасці і разуменні таго, што колькасць удзельнікаў — гэта лепш, чым іх адсутнасць”.

Паводле яго слоў, на гэты момант больш за 8 тыс. чалавек запоўнілі спецыяльную рэгістрацыйную форму, тым самым выказаўшы жаданне далучыцца да ініцыятыўнай групы па вылучэнні Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты. Разам з тым, экс-банкір адзначыў, што яго каманда „дбайна вывярае ўсе заявы”, імкнецца звязацца з кожным заяўнікам асабіста, верыфікаваць яго, каб у далейшым пазбегнуць якіх-небудзь прэтэнзій з боку ЦВК.

Бабарыка нагадаў, што напярэдадні ў Цэнтральную выбарчую камісію быў пададзены спіс з 5,6 тыс. верыфікаваных членаў ініцыятыўнай групы. Цяпер ідэнтыфікавана ўжо каля 7 тыс. чалавек, якія пакінулі заяўку на ўключэнне ў групу. Дапоўненыя спісы з іх імёнамі будуць перададзеныя ў Цэнтрвыбаркам 18 траўня, а рашэнне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ЦВК прыме 19 траўня.

Бабарыка адзначыў, што яго каманда максімальна пашырае ініцыятыўную групу для таго, каб мінімізаваць для яе членаў „рызыкі, якія ўзнікаюць у сувязі з сённяшняй эпідэміялагічнай сітуацыяй”. Ён растлумачыў, што, чым больш людзей у ініцыятыўнай групе, тым менш кожнаму з іх давядзецца сустракацца з выбаршчыкамі падчас збору неабходных для вылучэння 100 тыс. подпісаў.

Зборшчыкамі подпісаў, паводле слоў Бабарыкі, будуць кіраваць каардынатары. Сёння іх 51 — у Менску, абласных цэнтрах і буйных гарадах краіны. Бабарыка спадзяецца, што да панядзелка, 18 траўня, каардынатарамі „будзе закрытая ўся краіна”.

Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.

belapan.by

Фота: people.onliner.by