Экс-кіраўнік МЗС Украіны: Беларусь — крытычна важны элемент нашай бяспекі



„Беларусь сёння — крытычна важны элемент нашай бяспекі”, — заявіў былы міністр замежных спраў Украіны (2007—2009), кіраўнік Цэнтра даследавання Расеі Уладзімір Агрызка ў інтэрв’ю кіеўскай радыёстанцыі „НВ”.

„Гэта вельмі для нас важная краіна. Уявім сабе, што яна губляе суб’ектнасць і становіцца часткай Расійскай Федэрацыі, пра што мараць у Маскве. Катастрофа геапалітычная. Для нас гэта проста шалёная пагроза”, — падкрэсліў дыпламат.

Паводле яго слоў, нягледзячы на запэўніванні Аляксандра Лукашэнкі, што расійскія войскі не будуць дапушчаныя на мяжу з Украінай, гарантый гэтага мала. „І механізмаў замала, таму што КДБ беларускі — расійскі, Узброеныя сілы насычаны шпіёнамі, як было ва Украіне, і г.д. Гэта значыць нават цяпер гэта ўжо небяспека, прытым вельмі моцная небяспека для нас. А ўявіце сабе, што гэта ўсё здарылася, Беларусь увайшла нейкай там „наццатай” федэральнай акругай у склад Расейскай Федэрацыі, і над намі з поўначы навісае яшчэ каласальная пагроза акрамя таго, што ў нас ужо ёсць і з поўдня, з акупаванага Крыма, і з усходу само сабой. Мы аказваемся практычна ў абцугах Расеі”, — сказаў Агрызка.

У той жа час, на яго думку, „з’яўляецца пэўны шанц і пэўная надзея”, „пакуль яшчэ вельмі слабая, пакуль яшчэ вельмі ўмоўная”: Лукашэнка „не хоча ператварацца ў павятовага губернатара”, а ЗША пачынаюць разумець, што „сядзець і выказваць занепакоенасць” недастаткова. „Амерыканцы, калі ўжо пачынаюць працаваць, то працуюць нармальна і эфектыўна, — лічыць экс-міністр. — Можна спадзявацца, што гэты працэс паглынання Беларусі Расіяй як мінімум будзе сур’ёзна затарможаны”.

Агрызка заявіў, што аддае Лукашэнку належнае: „Чалавек хітры, разумны, ён увесь час даіў Расію так, як яму хацелася, абяцаючы на словах: так, мы будзем гэта рабіць хоць заўтра, паслязаўтра, а потым гэта ўсё спускалася ўніз, дзе яно паспяхова гінула. І так ішло з Ельцыным, так ішло з раннім Пуціным, так ішло з Мядзведзевым”. „То бок ён умее выкарыстоўваць, дарэчы, цікавую рысу расійскага кіраўніцтва, якая заключаецца ў тым, што ім вельмі прыемна, калі ім кажуць нейкія прыемныя рэчы. Яны пачынаюць верыць, не разумеючы, што іх проста, прама [кажучы], дураць, прабачце за недыпламатычны слэнг”, — адзначыў кіраўнік Цэнтра даследавання Расеі.

Паводле яго слоў, Лукашэнка 20 гадоў вёў з Масквой гандаль і ўвесь час выйграваў. „Цяпер, калі яго прыперлі да сценкі, калі трэба або здавацца, або супраціўляцца, яму ўжо няма куды дзявацца, ён пачынае рабіць пэўныя крокі і, уласна кажучы, робіць іх нядрэнна”, — лічыць украінскі дыпламат.

Як мяркуе Агрызка, у сувязі з візітам у Мінск дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа Масква нервуецца, „яшчэ і як”. „І гэта відавочна, таму што гэта азначае, што ёй Лукашэнка дэманстратыўна паказвае, што „на ваш шантаж я ўжо ісці не буду”. І ўспомніце размовы, што „мы будзем купляць нафту за мяжой, што мы будзем шукаць газ за мяжой, што ўжо дзесьці штосьці знайшлі, калі вы будзеце нас прэсінгаваць, то мы пойдзем туды”. То бок гэта тыя рэчы, якія, безумоўна, Маскве не падабаюцца, якія, безумоўна, стануць прадметам вельмі сур’ёзнага чарговага націску з боку Масквы”, — перакананы экс-кіраўнік МЗС Украіны.

На яго думку, калі ЗША і Еўропа дапамогуць Менску з альтэрнатыўнымі пастаўкамі газу і нафты, „у Маскве пачнуць чухаць патыліцы”. „Таму што гэта будзе азначаць, што Беларусь нейкім дзіўным для іх спосабам пачынае злазіць з двух іголак — нафтавай і газавай”, — лічыць Агрызка.

belapan.by