Экс-кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала iдзе на выбары
Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала абвясціў аб намеры балатавацца ў прэзідэнты. Паведамленне пра гэта размешчанае на яго старонцы ў „Фэйсбуку”.
„У свеце адбылася рэвалюцыя… Замест прымітыўнай „вертыкалі кіравання” прыйшлі новыя метады арганізацыі дзяржавы і грамадства, што грунтуюцца на партнёрстве, супрацоўніцтве і гарызантальным узаемадзеянні”, — гаворыцца ў заяве.
На думку яго аўтара, „гэтая рэвалюцыя прайшла міма Беларусі”. „Больш за тое. Звыш чвэрці стагоддзя краіна рухалася ў процілеглым кірунку. У краіне зацвярджаліся сямейныя, неафеадальныя адносіны з магчымасцю праявы розных формаў капрызнасці, бесцырымоннасці і грубасці ў адносінах да тых, хто стаіць ніжэй на сацыяльнай лесвіцы. У краіне сфармавалася мадэль, пры якой узвышэнне адных адбывалася не шляхам індывідуальнага развіцця і асобаснага росту, а за кошт „апушчэння” і прыніжэння іншых, пазбаўлення іх гонару і чалавечай годнасці”, — гаворыцца ў заяве.
„Сёння Беларусь стаіць перад гістарычным выбарам! Альбо працягваць марнаваць час і энергію на вырашэнне праблем учорашняга дня. Альбо і далей расходаваць грошы падаткаплацельшчыкаў на дарагія спартыўныя мерапрыемствы, бутафорскія парады, палацы і рэзідэнцыі. Альбо рухацца наперад, у будучыню!” — упэўнены экс-кіраўнік ПВТ.
„І самай вялікай пагрозай для нас стала не ваенная моц НАТА ці Расіі. Самая вялікая пагроза для Беларусі — гэта неэфектыўная эканоміка, архаічная сістэма кіравання, беднасць. Даўно прыйшоў час адмовіцца ад зжылай сябе сістэмы кіравання, пры якой увесь народ кожны дзень глядзіць на настрой аднаго чалавека. Прыйшоў час вярнуць уладу народу Беларусі!” — падкрэслівае Цапкала.
Ён марыць пра тое, „каб у нас была іншая краіна”: „Краіна, дзе людзі валодаюць уласнасцю — на зямлю сваіх продкаў, на заводы, прадпрыемствы, фабрыкі. Дзе людзі будуць адчуваць сябе гаспадарамі. Дзе яны змогуць свабодна працаваць. Не з-пад палкі, а таму што адчуваюць краіну сваёй”.
„Я мару пра тое, каб у нас была краіна, дзе людзі адкрыта, свабодна і без боязі маглі б выказваць сваё меркаванне. Дзе будзе незалежны парламент, які выказвае меркаванне выбаршчыкаў. Дзе будуць незалежныя суды — каб грамадзяне і бізнес былі ўпэўненыя, што справы будуць разглядацца паводле справядлівасці і закона, а не па тэлефанаванні „зверху”, — гаворыцца ў заяве. — Краіна, дзе са стылю палітычнага кіраўніцтва будзе выкаранёная вульгарнасць, бесцырымоннасць і грубасць. Краіна, у якой будзе павага да кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, кім бы ён ні быў, якое б становішча ні займаў”.
„Я прыняў рашэнне балатавацца на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь! У мяне дастаткова для гэтага і кіраўніцкага, і жыццёвага вопыту! Маючы сур’ёзныя кантакты ў палітычных і дзелавых колах у розных краінах свету, я змагу іх выкарыстоўваць на карысць народа Беларусі! Стварыўшы Парк высокіх тэхналогій, я паказаў і Беларусі, і ўсяму свету, што наш народ можа быць такім жа разумным, творчым і прадпрымальным, як амерыканцы, англічане, японцы, карэйцы і іншыя паспяховыя народы Зямлі, — падкрэслівае аўтар заявы. — Цяпер я прашу вашай падтрымкі, каб зрабіць такой усю народную гаспадарку нашай краіны. Каб мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь — здабылі асобасную годнасць і самапавагу. Каб мы перасталі быць прадметам жалю і спагады з боку краін, якія развіваюцца, ідуць наперад. Каб мы здабылі новую краіну, свабодную, дынамічную, якая не глядзіць з зайздрасцю на чужыя поспехі, а якая паказвае прыклад іншым”.
Валерыю Цапкалу 55 гадоў, у мінулым ён займаў пасаду памочніка прэзідэнта Беларусі ў сферы навукі і тэхналогій, у 1997—2002 гадах быў паслом Беларусі ў ЗША, да гэтага працаваў першым намеснікам міністра замежных спраў Беларусі.
Цапкала — першы дырэктар Парку высокіх тэхналогій, кіраваў ім з моманту заснавання ў кастрычніку 2005 года да пачатку сакавіка 2017-га. Пасля вызвалення ад гэтай пасады стаў міжнародным ІТ-кансультантам.
Фота themag.uz