Эксперт: Беларусь будзе вымушана стаць на бок Масквы
Ужо два разы Аляксандр Лукашэнка адмяняў свой візіт у Маскву, хоць менавіта там па традыцыі ён адбываў свой першы афіцыйны візіт у пачатку праўлення ў якасці кіраўніка Беларусі. Гэта сведчыць, што паміж Беларуссю і Расеяй існуюць такія супярэчнасці, якія патэнцыйна могуць прывесці да сур’ёзнага палітычнага крызісу, – мяркуе Арсеній Сівіцкі, дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў.
– Расея спрабуе ўцягнуць Беларусь у новую халодную вайну на сваім баку. І менавіта дзеля гэтага яна вельмі актыўна прасоўвае пытанне пра стварэнне сваёй авіябазы на тэрыторыі Беларусі ў Бабруйску. Як мы зараз бачым, Беларусь пакуль яшчэ прытрымліваецца свайго нейтралітэту, нягледзячы на даволі жорсткі ціск з боку Расеі.
Беларусь не разумее і не падтрымлівае мэты і матывацыі, якія сёння пакладзены ў аснову новай расейскай знешняй палітыкі, – каментуе Арсеній Сівіцкі.
Эксперт у галіне міжнародных адносінаў Андрэй Фёдараў лічыць, аднак, што Беларусь настолькі эканамічна звязана з Расеяй, што з часам ёй прыйдзецца стаць на яе бок.
– Я ўпэўнены, што гэта было палітычнае рашэнне, і калі адхілілі выдзяленне крэдыту ад Еўразійскага фонду стабілізацыі, то гэты ціск будзе толькі ўзмацняцца. Нашыя ўлады будуць вымушаныя стаць на бок Масквы, а гэта, адпаведна, сапсуе нашыя адносіны з Захадам.
Аптымізму я не адчуваю, – дадае эксперт.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Reuters/Scanpix