Эксперт: Беларусі не варта непакоіцца з-за адстаўкі Назарбаева
Рэзкіх зменаў ва ўнутранай і знешняй палітыцы Казахстана ў сувязі з адстаўкай прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева не будзе, заявіла БелаПАН дацэнт кафедры факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта Роза Турарбекава.
„Ён не сыходзіць з пасады кіраўніка Савета бяспекі, з гэтага трэба рабіць выснову, што транзіт будзе ажыццяўляцца мякка і пад кантролем Назарбаева. Рэзкіх зменаў ва ўнутранай і знешняй палітыцы чакаць не даводзіцца. Беларусі і знешнім гульцам не варта турбавацца з нагоды таго, што якасна адносіны могуць пагоршыцца”, — сказала эксперт.
Паводле яе слоў, гэта сур’ёзны прэцэдэнт не толькі для Цэнтральнай Азіі, але і для Расеі і Беларусі, калі кіраўнік дзяржавы запускае працэс перадачы ўлады.
„Можна сказаць, што заканчваецца эпоха. Палітычны транзіт анансуецца самім кіраўніком дзяржавы. Гэта працэс складаны і шматмерны, шмат групаў прыйдзе ў рух, убачыць магчымасць там сябе праявіць. Самае галоўнае, за чым будзем назіраць, — як будзе рыхтавацца перадвыбарная кампанія, хто будзе вылучацца на пасаду прэзідэнта”, — лічыць Турарбекава.
„Калі казаць пра Беларусь, не думаю, што гэта стала б тэмай для палітычных зменаў. У адрозненне ад Назарбаева, Лукашэнка зусім іншага ўзросту, і ён выразна казаў на „Вялікай размове”, што ў найбліжэйшыя два гады змен не будзе”, — дадала яна.
У пасольстве Казахстана паведамілі, што пакуль не даюць афіцыйных каментараў, і не выключаюць правядзення прэс-канферэнцыі гэтымі днямі.
19 сакавіка прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў у прамым эфіры падаў у адстаўку. Пры гэтым ён захоўвае за сабой пасаду кіраўніка Савета бяспекі і старшыні кіруючай партыі „Нур Атан” („Святло Айчыны”), а таксама паўнамоцтвы члена Канстытуцыйнага савета. Ён займаў пасаду кіраўніка дзяржавы з 1990 года. Казахстан з’яўляецца членам ключавых інтэграцыйных утварэнняў, у якія ўваходзіць і Беларусь: Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўразійскага эканамічнай саюза і Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.
Фота replyua.net