Эксперт: Без асаблівай актыўнасці, але нервы рэжыму псуюць
Беларускае грамадства перад выбарамі – але асаблівай актыўнасці не назіраецца, кажа эксперт. Праходзіць адна з самых актыўных стадый выбраў – збор подпісаў праз пікеты. Беларуская апазіцыя дэкларуе, што гэта для іх адзіная магчымасць праводзіць вулічныя пікеты і размаўляць з патэнцыяльным электаратам.
Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, у Беларусі зарэгістравана 487 ініцыятыўных групаў для збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты на выбарах 2019 году. Апазіцыйныя акцыі заўважныя, але без асаблівага імпэту, адзначае палічны аналітык Паўлюк Быкоўскі.
– Але нейкі варушняк усё ж такі ёсць. Хутчэй за ўсё можна казаць пра тое, што прадстаўнікі апазіцыі наўпрост ставяць задачу для сябе не тое, каб атрымаць мандаты, а вырашыць нейкія іншыя пытанні, і можа быць адно з галоўных – гэта патузаць за вусы кіроўны рэжым, папсаваць уладам нервы. І такім чынам даказаць сваю прысутнасць. Як вынік – гэта, напэўна, будзе падмуркам для будучай электаральнай кампаніі, бо ў 2020 годзе мусяць адбыцца прэзідэнцкія выбары.
Выбары прайдуць 17 лістапада. Гэта асноўныя дзень галасавання за 110 дэпутатаў беларускага парламенту. Акрамя шляхам збору подпісаў, які праходзіць зараз, – кандыдатаў таксама могуць вылучаць працоўныя калектывы і палітычныя партыі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя