Эксперт: Для Беларусі важна, як РФ успрыме рашэнні саміту НАТА



На саміце НАТА ў Варшаве маюць прыняць рашэнне пра ўзмацненне ўсходняга фланга, а таксама пра пакет дапамогі Украіне. Як гэтыя рашэнні паўплываюць на Беларусь?

Арсен Сівіцкі

Арсен Сівіцкі (Фота svaboda.org)

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсен Сівіцкі перакананы, што для Беларусі перадусім важная рэакцыя Расеі на рашэнні саміту:

Арсен Сівіцкі: Безумоўна, беларускі бок цікавяць тое, што будзе прынята НАТА адносна ўзмацнення ўсходняга фланга. Тут усё зразумела, будуць створаны чатыры мультынацыянальных батальёна на тэрыторыі Прыбалтыкі і Польшчы. Беларускае вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва ўжо вызначыла сваё стаўленне да гэтых мерапрыемстваў. Мы ведаем, што беларускі бок не разглядае ўзмацнення ўсходняга фланга НАТА, як нейкую ваенную пагрозу для Беларусі. Так, лічыцца, што гэта выклік, але гэта не пагроза. Для Беларусі больш значна тое, якім чынам Расея будзе рэагаваць на тыя рашэнні, якія будуць прыняты падчас варшаўскага саміту НАТА. Мы ведаем, што Расея ўжо пачала ўзмацняць свой заходні стратэгічны накірунак, але гэта ўсё прыводзіць да таго, што на мяжы з Беларуссю канцэнтруюцца новыя расейскія вайсковыя фармаванні. Безумоўна, у гэтым кантэксце яны нясуць таксама і некаторыя рызыкі для нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту Беларусі. Гэта самае галоўнае пытанне, якім чынам рашэнні саміту НАТА ў Варшаве будуць выкарыстаны расейскім бокам для таго, каб працягнуць ваенна-палітычны ціск на Беларусь, бо ўсе разумеюць, што калі нават для Беларусі гэтыя чатыры мультынацыянальных мотастралковых батальёна не з’яўляюцца вайсковай пагрозай, то тым больш для Расеі яны пагрозамі не з’яўляюцца.

РР: Аляксандр Лукашэнка падчас святкавання 3-га ліпеня заявіў, што Беларусь гатова адбіць любую агрэсію з дапамогай братняй Расеі. Будзем шчырымі, ва ўмовах такой двухпалярнасці, якая зараз зноў з’явілася ва Усходняй Еўропе, ці гэта не азначае, што Лукашэнка цалкам на баку Расеі і мы гаворым пра супрацьстаянне дзвюх прастораў?

Арсен Сівіцкі: Я думаю, што сітуацыя трохі іншая, бо Беларусь разглядае свае саюзніцкія стасункі з Расеяй у межах рэгіянальнай групоўкі войск, так і ў межах АДКБ толькі як механізм забеспячэння калектыўнай абароны, і не разглядае АДКБ ці саюзную дзяржаву, як інструмент супрацьстаяння з НАТА. Гэта значыць, што Беларусь будзе выконваць свае саюзніцкія абязацельствы толькі ў выпадку, калі НАТА пачне ваенны канфлікт. Але сёння мы не бачым такіх сведчанняў, што НАТА рыхтуецца да нейкай канфліктнай сітуацыі з Расеяй. Калі Расея пачынае ваенныя канфлікты з рознымі краінамі, тут можна нагадаць і канфлікт грузіна-расейскі 2008 года, і расейска-украінскі  2014, і нават расейска-турэцкі 2015 года. Мы бачым, што пазіцыя Беларусі ўсё больш нагадвае пазіцыю такой нейтральнай дзяржавы, якая спрабуе дыстанцыявацца ад канфліктаў свайго саюзніка. Тут вельмі важна падкрэсліць, што таксама і стаўленне НАТА да Беларусі змянілася вельмі істотна за апошні год. Звычайна стратэгічнае ваеннае планаванне НАТА, і гэта вядома з усіх апошніх дакладаў, якія былі выдадзены натаўскімі аналітыкамі, ваенна-стартэгічнае планаванне разглядала Беларусь, як безумоўнага стратэгічнага хаўрусніка Расеі, якая падтрымае любыя агрэсіўныя дзеянні Расеі адносна натаўскіх краін, перш за ўсё ў Прыбалтыцы. Калі мы паглядзім на сцэнар манеўраў “Анаконда”, якія праводзіліся зусім нядаўна, то мы можам зафіксаваць змену стаўлення да Беларусі. Я нагадаю, што адпаведна са сцэнаром манеўраў “Анаконда” існуе нейкая вялікая дзяржава, якая спачатку анексуе маленькую дзяржаву, і толькі пасля гэтага пачынае ствараць канвенцыянальныя гібрыдныя пагрозы адносна Польшчы і яе саюзнікаў. Трэба чытаць, што гэта Расея анексуе Беларусь, і пасля гэтага пачынае праводзіць гібрыдныя аперацыі супраць Польшчы і краін Прыбалтыкі. Гэта вельмі істотнае змяненне стаўлення да Беларусі, і гэта падкрэслівае той момант, што зараз у НАТА ўжо не ўспрымаюць Беларусь, як краіну, якая аўтаматычна падтрымае агрэсіўныя дзеянні Расеі супраць Прыбалтыкі ці Польшчы ў выпадку нейкага канфлікту. Мне здаецца, што гэта безумоўна перавага беларускай дыпламатыі, якая здолела данесці гэтыя стратэгічныя ўстаноўкі вышэйшага беларускага ваенна-палітычнага кіраўніцтва адносна таго, што Беларусь праводзіць міралюбівую і абарончую ваенную палітуку.

РР: Ёсць таксама меркаванне адносна гэтага сцэнара манеўраў “Анаконда”, што гаворка ідзе не пра Беларусь, а пра адну з краін Балтыі. Вяртаючыся да таго, што вы раней сказалі, ці гэта ўвогуле магчыма, каб Беларусь, калі Расея сапраўды захоча пачаць агрэсіўныя дзеянні адносна Захаду, магла ўвогуле неяк супраціўляцца і не пайсці з Расеяй на гэту вайну?    

Арсен Сівіцкі: Пакуль Беларусь дае гарантыі рэгіянальнай бяспекі – гэта значыць немагчымасць  выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю дзеля агрэсіі супраць іншых краін. Мне здаецца, што гэта немагчыма, бо няма такіх механізмаў і нават пагадненняў, калі расейскі бок можа выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі ў сваіх мэтах ваенна-стратэгічных мэтах. Усе гэтыя дзеянні павінны спачатку быць узгоднены з беларускім бокам, але відавочна з улікам той ролі, якую зараз Беларусь адыгрывае ў рэгіёне, тымі стратэгічнымі ўстаноўкамі, якія транслююцца вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі, мне даволі складана ўявіць сабе сітуацыю пры якой нават расейскія ваенныя базы будуць створаны на тэрыторыі Беларусі, не кажучы пра тое, каб даваць праход для расейскіх войскаў, каб ствараць пагрозу для прыбалтыйсіх ці цэнтральнаеўрапейскіх краін.

Таксама Арсен Сівіцкі дадаў, што Беларусь не ўспрымае ўмацаванне ўсходняга фланга НАТА як пагрозу.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя