Эксперт: Голас на апублікаваным ByPOl аўдыязапісе адпавядае голасу Карпянкова



Голас чалавека на апублікаваным ініцыятывай ByPOl аўдыязапісе аб узмацненні жорсткасці дзеянняў уладаў у дачыненні да пратэстоўцаў адпавядае голасу экс-кіраўніка ГУБАЗіК, а цяпер намесніка міністра ўнутраных спраў – камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова.

Такія высновы ўтрымліваюцца ў незалежным фанаскапічным даследаванні, праведзеным на замову партала tut.by расейскім бюро ТАА „ГлаўЭксперт”.

Як паведамляе партал, экспертызу праводзіла Эла Баргаякава — спецыяліст з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй па спецыяльнасці „судовы эксперт”, 10 гадамі стажу экспертнай працы і вопытам у правядзенні фанаскапічных даследаванняў. Ёй былі пададзеныя два запісы. Першы — інтэрв’ю Карпянкова тэлеканалу „Беларусь 1”, апублікаванае 18 кастрычніка 2020 года, другі — аўдыязапіс, апублікаваны ByPOl 15 студзеня 2021 года. Перад экспертам ставіліся два пытанні: ці ёсць прыкметы мантажу на другім запісе і ці належыць голас на двух запісах аднаму і таму ж чалавеку.

Арыгінал заключэння прадстаўлены на 46 старонках. У ім гаворыцца, што на двух фанаграмах зафіксаваныя голас і гаворка адной і той ж асобы, а прыкмет мантажу на другім аўдыязапісе не выяўлена, паведамляе tut.by.

15 студзеня ініцыятыва ByPOl, якая аб’ядноўвае былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, апублікавала аўдыязапіс, на якім чалавек з голасам, як у Карпянкова, які раней узначальваў ГУБАЗіК, кажа пра метады барацьбы з пратэстоўцамі ў Беларусі. Запіс зроблены ў кастрычніку 2020 года пасля таго, як на пасаду міністра ўнутраных спраў быў прызначаны Іван Кубракоў (гэта адбылося 29 кастрычніка).

Чалавек на запісе паведамляе, што загінулы 10 жніўня каля станцыі метро „Пушкінская” Аляксандр Тарайкоўскі памёр „ад гумавай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі”, а расійская траўматычная зброя „з блізкай адлегласці ад баявой нічым не адрозніваецца”. Са спасылкай на прэзідэнта гэты чалавек дае ўказанне выкарыстоўваць нелятальную зброю ва ўпор. Паводле яго слоў, прыйшоў час, калі ні адзін супрацоўнік праваахоўных органаў не павінен выходзіць на масавыя беспарадкі без агнястрэльнай зброі. Таксама ён адзначае: „Кіраўніком дзяржавы мы прыкрытыя з усіх бакоў у плане прымянення зброі”.

Гэты ж чалавек паведамляе, што ў Беларусі ствараецца база дадзеных удзельнікаў пратэстных акцый, і тыя, хто трапіў у яе другі раз, „той павінен там і застацца”. Паводле яго слоў, у краіне будзе створаны „лагер для асабліва востракапытных, для адсялення”, абнесены калючым дротам.

Як вынікае з запісу, у міліцыі ёсць задача „абараніць усіх: і кіраўніка дзяржавы, і яго асяроддзе, і яго сям’ю — разам са службай бяспекі, і абараніць дэпутатаў, і асоб, якія кіруюць дзяржавай, ад гэтых пагроз, а яшчэ на вуліцах навесці парадак”.

Паводле слоў чалавека на запісе, разабрацца з вулічнымі пратэстамі было даручана да снежня.

У МУС адмовіліся пракаментаваць аўдыязапіс, назваўшы яго фэйкам. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, каментуючы журналістам аўдыязапіс, заявіў, што не верыць „выдумкам і фэйкавым навінам, якія зыходзяць з вуснаў апанентаў улады”.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская паведаміла, што запіс быў адпраўлены ў кангрэс ЗША, АБСЕ, Савет Еўропы і „іншым міжнародным партнёрам”. Лідары Парламенцкай асамблеі АБСЕ адрэагавалі на запіс — яны асудзілі намеры ствараць лагеры і загад страляць у пратэстоўцаў, заклікалі вызваліць Ігара Лосіка і іншых палітвязняў, прыцягнуць да адказнасці вінаватых і распачаць міжнароднае расследаванне па рэкамендацыях Маскоўскага механізму АБСЕ.

belapan.by