Эксперт: Лукашэнка баіцца „ўкраінскага сцэнарыя”
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла ў першым чытанні законапраект „Аб зацвярджэнні Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь”. У ёй, апроч іншага, адзначаная зацікаўленасць у развіцці адносін з ЕЗ і ўзаемаразумення з НАТА. Новая дактрына ўлічвае перш за ўсё досвед Украіны, лічыць вайсковы эксперт Аляксандр Алесін:
– Гэта перш за ўсё ўдакладненне ваенных небяспек. Калі раней чакалі, што вораг будзе пагражаць з-за мяжы, то зараз ёсць панятак – гібрыдная вайна. Лукашэнка баіцца, што падзеі ў Беларусі могуць быць арганізаваныя па „ўкраінскім сцэнары”. І ён баіцца не краін НАТА. Ён не хоча, каб палітычная барацьба набыла ўзброеную форму. Таму папярэдне прынятыя такія абарончыя меры. Ён гуляе на апярэджванне.
Прадстаўляючы новую ваенную дактрыну, міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў адзначыў, што ўлічвае змены ваенна-палітычнага становішча вакол краіны, пашырэнне спектру крыніц ваенных пагроз краіне, удакладняе падыходы па вызначэнні ваенных небяспек для Беларусі.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота DELFI