Эксперт: Лукашэнку будзе цяжка прызнаць сваю паразу
Адмяніць „дэкрэт аб дармаедах” – галоўнае патрабаванне, з якім беларусы вышлі на акцыі пратэсту. Яны адбыліся ў Менску і абласных гарадах і былі аднымі з самых масавых пасля 2010 года. Апазіцыя на чарговыя акцыі запрашае 15 сакавіка. Патрабаванне скіраванае да кіраўніка дзяржавы і чыноўнікаў, якія невядома ці гатовыя адмяніць альбо прыпыніць дзеянне дэкрэту №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага утрыманства». Для Аляксандра Лукашэнкі гэта праблема не палітычная, а псіхалагічная – заўважыў у нашым эфіры палітлолаг Валерый Карбалевіч.
– Адмена дэкрэта будзе азначаць, што ён мусіць прызнаць сваю памылку, а для „правадыра” і „бацькі нацыі” гэта вельмі цяжка зрабіць, не скажу, што немагчыма. Другі момант, калі ён адмяняе дэкрэт пад ціскам вулічных акцый, якія ўзначальвае апазіцыі, гэта будзе прызнанне сваёй паразы перад апазіцыяй. Гэта таксама вельмі-вельмі непрыемная сітуацыя.
Беларусы не спяшаюцца плаціць. Паводле звестак на 20 лютага, збор на фінансаванне дзяржрасходаў заплацілі амаль 51,5 тысяч грамадзян, у бюджэт паступіла каля 16 млн рублёў, паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства па падатках і зборах. Падатковыя органы накіравалі 470 тыс. паведамленняў на выплату збору.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя