Эксперт: Магчыма, што менскай сустрэчы наогул не будзе



У Менску 26 жніўня мае адбыцца сустрэча на высокім роўні ў фармаце Украіна — Еўрапейскі звяз — Мытны звяз. Аднак паводзіны расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў апошнія дні даюць падставу некаторым палітыкам і палітолагам паставіць пад сумнеў магчымасьць такой сустрэчы.

У беларускай сталіцы афіцыйныя чыноўнікі не каментуюць сітуацыю. Але дагэтуль невядома нават, дзе пройдзе сустрэча — ва ўрадавай рэзідэнцыі «Заслаўль», як гэта было раней на падобных мерапрыемствах, альбо дзесці ў іншым месцы.

Доктар паліталагічных навук Павел Вусаў таксама не ўпэўнены, што менская сустрэча адбудзецца ў аб’яўлены раней час. „Але калі яна і пройдзе 26 жніўня, то чакаць, што гэта сустрэча наблізіць канец вайны ва Украіне, не выглядае праўдападобна”,— гаворыць эксперт.

«Расея інтэнсіўна ўмешваецца ў канфлікт. Яна не робіць ніякіх рэальных крокаў, каб завершыць гэты канфлікт. Па-другое, магчыма, што менскай сустрэчы наагул не будзе, калі сітуацыя яшчэ больш пагоршыцца. І трэці момант — ніводная з папярэдніх сустрэч нават не стварыла ўмоваў дзеля таго, каб гэты канфлікт быў вырашаны – падкрэсліў эксперт.

svaboda.org