Эксперт: Небяспечна пачынаць доўгатэрміновыя праекты з аўтарытарнымі дзяржавамі



Беларусь з афіцыйным аднадзённым візітам наведаў прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган.

000019_869407_big

Гэта першы ў гісторыі візіт кіраўніка турэцкай дзяржавы ў Беларусь. Афіцыйнай нагодай для візіту стала адкрыццё Саборнай мячэці ў Менску — самай вялікай ва Усходняй Еўропе. Беларусі патрэбы гэты візіт і для пашырэння эканамічнай супрацы з Турцыяй. Але, паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча, вельмі небяспечна пачынаць доўгатэрміновыя праекты з краінамі, у якіх улада завязана на аднаго чалавека.

– Візіт Эрдагана можа даць штуршок для рэзкага нарошчвання знешнеэканамічных кантактаў і знешнеэканамічнага гандлю паміж Турцыяй і Беларуссю. А наколькі гэта будзе працяглы ўсплеск – невядома, бо мы назіралі падобны ўсплеск у гандлі з Венесуэлай. Пасля гэта ўсё скончылася, бо было завязана на канкрэтную асобу. Магчыма ў Турцыі атрымаецца тое ж самае, бо там вельмі асабісты падыход да ўлады.

У красавіку гэтага года Эрдаган і Лукашэнка сустракаліся ў Стамбуле ў рамках саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, які беларускі афіцыйны лідар наведаў па запрашэнні турэцкага кіраўніцтва. Падчас перамоў Лукашэнка прапанаваў „актуалізаваць парадак дня беларуска-турэцкага супрацоўніцтва”. Тады ж Эрдаган пацвердзіў гатоўнасць наведаць Менск.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Белта