Эксперт: Непрызнанне Лукашэнкі легітымным будзе мець сур’ёзныя наступствы
Еўропа, ЗША і Канада не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку і гэта можа прывесці да цяжкіх наступстваў, кажа палітолаг. Тым часам Лукашэнка, якога большасць краін не прызнае легітымным – наступае на Еўропу і пазіцыю, якую займаюць асобныя дзяржавы ў адносінах да Беларусі, называе неканструктыўнай.
Тут праблема нават не ў так званай «тайнай інаўгурацыі», заўважае палітолаг Андрэй Казакевіч:
– Інаўгурацыя, яе форма, падалася вельмі дзіўнай. Да сутнасці справы яна мае мала дачынення. Ягоная рэакцыя звязана ў асноўным з тым, што яго не прызнаюць у якасці легітымнага прэзідэнта. А гэта сапраўды сур’ёзна. Гэта будзе мець істотныя наступствы для Беларусі, не ўсе з якіх можна зараз прадказаць. Інаўгурацыя, тое што яна была таемня, гэта пытанне не столькі знешняй палітыкі, колькі ўнутраннай.
Так званая «таемная інаўгурацыя» прынясе Аляксандру Лукашэнку праблемы, кажа палітолаг. Напярэдадні ў Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі чарговыя акцыі пратэсту. Па некаторых ацэнках – больш за 100 000 чалавек выйшлі на Марш пратэсту ў Менску, нягледзячы на шматлікія затрыманні. Гэты марш, як адказ на таемную інаўгурацыю Лукашэнкі, якая адбылася ў мінулую сераду абсалютна нечакана для ўсіх. Таму многія неслі плакаты Ціханоўскай.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя